Вынесен приговор по делу о смерти на производстве

Актуалии

Крывавы жнівень
Жыццё само такіх накажа строга…

Жыццё, лёс ці нейкая іншая найвышэйшая сіла нястомна займаецца нашым выхаваннем, а нам усё здаецца, што проста здзекуецца. Выхоўвае, часам, даволі жорстка, як строгі бацька шырокай калянай папругай. Да крывавых пісуг. Калі ёсць за што. Калі шматлікія “папярэджанні” і “намёкі” не даюць ніякага выхаваўчага эфекту. Калі ў арсенале застаецца толькі самы страшны інструмент. І тады ўжо нічога паправіць нельга. Як нельга вярнуць жыццё чалавеку, што загінуў па тваёй віне. Яго не ажывяць ні самае шчырае раскаянне, ні самыя правільныя вывады, якія ты, безумоўна, зрабіў. З гэтым прыйдзецца жыць. А можа стацца, што тым чалавекам, якога больш няма, будзеш менавіта ты. І ўсім вакол будзе зразумела, што ты сам пад-пісаў сабе смяротны прыгавор.
Сказаць па-нашаму, мы выпілі нямнога
Як высветлілася ў ходзе скрупулёзнага судовага разбору, той канкрэтны рабочы дзень, калі здарылася трагедыя, нічым не адрозніваўся ад усіх астатніх. І ўжо сам па сабе гэты факт выклікае жах. Далей стане зразумела, чаму. Механізатар ААТ “Лаўжанскае”, які, заўважым, сядзіць за рулём трактара ўжо чвэрць стагоддзя, забяспечваў работу даільнага абсталявання (справа была ў жніўні). Штодня ў 4.40 ён ад’язджаў на “Беларусе” ад свайго дома і ехаў у поле на першую дойку, дастаўляючы туды даільнае абсталяванне. Пасля адвозіў малако на ферму, затым ехаў у гараж і толькі тады атрымліваў пуцёўку. І тое, што трактар ён захоўваў дома, і што выпраўляўся ў дарогу без пуцёўкі, было звычайнай практыкай. Начальства так рана ніколі не бывае – вось і ўсё тлумачэнне. Зразумела, што ні пра які агляд на прадмет алкагольнага ап’янення і гаворкі ісці не можа.
У гэты раз пасля дойкі ў гараж за пуцёўкай мужчына не паехаў – яго тэрмінова выклікалі зноў на поле, бо трэба было ратаваць цяля. Але і пасля выратавання з жывёліны мужчына застаўся на полі: цяпер ужо “дапамога” спатрэбілася яго сябру-пастуху, які шукаў кампанію, каб паправіць сваё здароўе з дапамогай віна. Тым больш, што і нагода была больш чым важкая – дзень нараджэння сына, які служыць у арміі. Наўрад ці ў гэты момант мужчына думаў, што гэта будуць апошнія сынавы імяніны, якія яму давядзецца святкаваць. Так, недзе з 10 да 12 гадзін, акурат да абедзеннай дойкі, сябры пілі ў вагончыку прама на полі. Выпілі, па словах падсуднага, дзве бутэлькі віна па 0,7 літра.
Заняў сваё месца ў трактары
Няцяжка здагадацца, што мужчыны лёгка згубілі той стан, у якім прынята выконваць працоўныя абавязкі (па паказаннях сведак, бацька імянінніка быў не проста з пахмелля, а ўжо на добрым “разагрэве”, калі з’явіўся на работу). Тым не менш, ніякага паслаблення ў рабоце яны сабе не далі. Калі пачалася абедзенная дойка, падсудны, як і належыць, заняў сваё месца ў трактары, сачыў за прыборамі, затым прыступіў да счэпкі трактара з прычэпам. Тут варта адзначыць, што гэта маніпуляцыя і не кожнаму цвярозаму па сілах, а наш герой быў, мякка кажучы, “пад мухай”, на нагах у яго былі сланцы, а ў трактары замест задняга шкла – скотч. Рухаючыся заднім ходам, мужчына ў нейкі момант адчуў, што трактар падскочыў на яміне, нага ў сланцы слізганула з педалі счаплення, і трактарыст незнарок націснуў на педаль газу. Трактар ірванула назад. Удар, крык…
Апошняя дапамога
Аказалася, што кампаньён па вы-піўцы выйшаў дапамагчы сябру счапіць трактар з прычэпам, але той ні яго дапамогі, ні яго самога не ўбачыў і проста “размазаў” мужчыну па прычэпу. Незнарок. Пастухі звычайна дапамагаюць трактарыстам “счапіцца”, але ў гэты раз, па словах абвінавачваемага, яны не дамаўля-ліся. Кажа, што каб не п’яны быў, каб не сланцы на нагах, каб не тая яміна і не скотч замест задняга шкла ў трактары, то ўсё б было добра. Як і заўжды. Сваю ступень ап’янення сам падсудны абазначыў як сярэднюю (пры гэтым у крыві было амаль 2,9 праміле) і гаварыў, што і ў такім стане ён лёгка можа справіцца з гэтай прывычнай штодзённай задачай. У гэты раз не справіўся. З той пары, кажа, спіртное не ўжывае.
Прыгавор
Мужчына быў прызнаны вінаватым па ч. 4 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у парушэнні правіл дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца  дзейнасцю, звязанай з упраўленнем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 год.
Хто вінаваты, і што рабіць?
Вінаваты атрымаў пакаранне па законе. Але засталося выразнае адчуванне таго, што ў гэтай трагічнай гісторыі ў той ці іншай ступені вінаватых намнога больш, чым ён адзін. Усім, хто ў гэты дзень быў выкліканы ў залу судовых пасяджэнняў, старшыня суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая, якая вяла справу, задавала пытанні кшталту: ці вызначаўся гэты канкрэтны рабочы дзень сярод астатніх, і ці змянілася што-небудзь у арганізацыі працы пасля той трагедыі. І людзі ў адзін голас гаварылі, што дзень гэта быў самы звычайны, што ўдзельнікі трагедыі выглядалі і паводзілі сябе, як заўжды, і нікому нават у галаву не прыйшло, што ў такім стане яны не змогуць справіцца з работай. І самае страшнае, што за некалькі месяцаў, што прайшлі пасля смерці работніка, ніякіх змяненняў у арга-нізацыі работы жывёлаводаў гаспадаркі не адбылося. Так яны казалі.
Людзі прывыклі працаваць менавіта так. Калі не захоўваецца тэхніка бяспекі, калі поплеч нехта ў нецвярозым стане, калі тэхніка не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яны нават не падазраюць у гэтай сітуацыі адхіленне ад нормаў і правіл. Яны проста не ведаюць, як бывае па-іншаму.
Але ж на прадпрыемстве ёсць кіраўніцтва, ёсць людзі, якія атрымліваюць зарплату за арганізацыю працы. І яны ведаюць, што трактар – крыніца павышанай небяспекі, што рабочы дзень механізатара павінен пачынацца з атрымання пуцёўкі і алкатэста, што машына павінна быць спраўнай, што ўжываць алкаголь у рабочы час нельга. Яны шмат чаго ведаюць, але працуюць так, як працуюць. І выкліканыя ў суд адказныя работнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства выглядалі, мякка кажучы,  непераканаўча, і не пакінулі адчування, што сітуацыя там можа змяніцца да лепшага. Напрыклад, загадчык фермы запэўніў, што цяпер ён ходзіць і абнюхвае сваіх работнікаў. Такая саматужная прафілактыка смерці на вытворчасці…
У сваю чаргу суд вынес у адрас ААТ “Лаўжанскае” прыватнае пастанаўленне, у якім гаворыцца, што менавіта неналежная арганізацыя работы ў гаспадарцы, адсутнасць неабходнай працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, незахаванне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, невыкананне кіраўніцтвам Дырэктывы №1 – усё гэта садзейнічала здзяйсненню злачынства. Кіраўніцтва гаспадаркі павінна паведаміць суду аб прынятых мерах рэагавання.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *