Дети готовятся к Новому году, а спасатели напоминают о безопасности

Безопасность Общество

«Бяспечны Новы год» у дзіцячым доме сямейнага тыпу

У дзіцячым доме сямейнага тыпу, які знаходзіцца ў райцэнтры і ў якім зараз пражывае дзевяць дзяцей разам з матуляй-выхавальніцай Святланай Мікалаеўнай Цярэнцьевай, ваўсю рыхтуюцца да галоўнага свята.

Праўда, ёлку тут пакуль не паставілі, аднак не меншую асалоду дастаўляе працэс прымеркі навагодніх касцюмаў. Усе дзеці, акрамя трынаццацігадовага Антона і дванаццацігадовага Улада (“дарослыя ўжо і выраслі з касцюмаў”), ведаюць, кім будуць на навагодніх ранішніках. Дзесяцігадовая Ульяна будзе пчолкай, дзевяцігадовыя Андрэй – Аладзінам, Вадзім – воўкам. Кошачкай будзе Алена, драконам – Жэня, тыграм – Багдан, ведзьмачкай – Рыта (дзеткам па шэсць год). Амаль усе вывучылі вершы, якія будуць расказваць Дзеду Марозу і Снягурцы. Пераканаліся ў гэтым у мінулыя выхадныя работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія завіталі ў дом сямейнага тыпу з акцыяй “Бяспечны Новы год”, дабавіўшы тым самым пераднавагодняга настрою.
Весела і карысна правялі час дзеці. Гульні, конкурсы, сур’ёзныя гутаркі (накшталт, па якім нумары тэлефанаваць пры пажары і ці можна пакідаць запаленую ёлачку без нагляду) і многія іншыя забавы падрыхтавалі работнікі РАНС. Асаблівую святочную атмасферу надалі мерапрыемству сапраўдныя Дзед Мароз-выратавальнік  і яго памочніца Снягурка, тым больш што прыйшлі яны не з пустымі рукамі, а з падарункамі і сюрпрызамі, як і бывае звычайна на Новы год.
А  дзеці, у сваю чаргу, падзяліліся з гасцямі, што чакаюць на Новы год у якасці галоўнага падарунка камп’ютар. Ім у доме, канешне, утульна, камфортна і весела, аднак для поўнага шчасця, як кажуць, толькі камп’ютара і не стае.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *