Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

Новости

Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

У выбарчай кампаніі пачаўся адзін з асноўных этапаў – вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.  У пятніцу, 15 снежня, прайшло пасяджэнне Шумілінскай раённай выбарчай камісіі, на якой было зарэгістравана чатырнаццаць ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, якія ўжо прыступілі да збору подпісаў выбаршчыкаў.
Нагадаем, што правам вылучэння кандыдатаў валодаюць палітычныя партыі і працоўныя калектывы, прэтэндэнта на дэпутацкую пасаду могуць вылучыць таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.
Пры апошнім спосабе вылучэння ініцыятыўная група кандыдата павінна сабраць патрэбную для вылучэння колькасць подпісаў выбаршчыкаў (не менш за 20 подпісаў – для вылучэння ў сельскі Савет дэпутатаў, 75 подпісаў – у раённы Савет дэпутатаў і 150 подпісаў – у абласны Савет дэпутатаў), якія зарэгістраваны па месцы жыхарства ў межах адпаведнай выбарчай акругі, пры гэтым кожны выбаршчык можа падтрымаць па аднаму прэтэндэнту ў Саветы кожнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Напрыклад, жыхар вёскі можа аддаць свой подпіс за кандыдатаў у сельскі, раённы і абласны Саветы дэпутатаў, а жыхар Шуміліна – за кандыдатаў у раённы і абласны Саветы, але пры гэтым толькі за аднаго кандыдата ў Савет аднаго ўзроўню. Члены ініцыятыўных груп, якія збіраюць подпісы выбаршчыкаў, павінны мець пасведчанне, выдадзенае раённай тэрытарыяльнай камісіяй, і дакумент, які сведчыць асобу. У падпісным лісце абавязкова павінны быць указаны дадзеныя пра прэтэндэнта на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, назва Савета дэпутатаў і выбарчай акругі, па якой плануецца вылучэнне, нумар ініцыятыўнай групы і прозвішча члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Дату і подпіс у падпісным лісце кожны выбаршчык ставіць асабіста.
Асаблівасцю выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў з’яўляецца тое, што  акрамя грамадзян Рэспублікі Беларусь вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, ставіць свае подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты і галасаваць могуць грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і маюць від на жыхарства.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праводзіцца да 8 студзеня 2018 года ўключна. Да 18 студзеня тэрытарыяльныя камісіі праводзяць праверку прадстаўленых дакументаў і рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачынаць перадвыбарную агітацыю.
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў пройдуць у нядзелю 18 лютага 2018 года.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *