Дрова и брикет в Шумилино можно купить без проблем

Актуалии Общество Экономика

Час пік для дроў

Шумілінскі філіял Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам – адна з нямногіх арганізацый, работнікі якой шчыра радуюцца наступленню зімы.

Менавіта ў гэты час жыхары раёна актывізуюцца і пачынаюць рабіць заяўкі на пастаўку дроў і торфабрыкету.  “Як правіла, для нас снежань і студзень –  самыя напружаныя месяцы, – кажа дырэктар філіяла Уладзімір Кійко. – Але ж мы гэтаму напружанню радуемся. Ёсць заяўкі на дровы – значыць, ёсць работа. А гэта рэальная магчымасць зарабіць грошы. У зімовыя дні нашы работнікі працуюць з раніцы да позняга вечара. На сённяшні дзень маем каля трыццаці заявак на паліва. У кожнага кліента пытаемся, ці тэрмінова патрэбны дровы. Калі так – вязём на наступны дзень.  Але такіх заявак бывае мала. У асноўным жыхары прыватных дамоў маюць запас паліва, таму згаджаюцца пачакаць тыдзень – за гэты час падыходзіць і іх чарга. Так што ажыятажу на паліва няма, стараемся ўсіх забяспечыць”.
Асноўная работа па нарэзцы дроў, якіх на тэрыторыю прадпрыемства з лясгасу прывезлі даволі, сто метраў кубічных,  кладзецца на распілоўшчыка Міхаіла Ісаева. Мужчына за дзень паспявае нарэзаць цуркамі да трох прычэпаў. Ну, а калі ўлічыць, што яшчэ ёсць такі-сякі запас, механізатары здольны за дзень забяспечыць дрывамі па пяць кліентаў. Згодна з нарматывамі, на адно домаўладанне можна заказаць 4,9 метра кубічных дроў. Яны каштуюць сто рублёў. Плюс яшчэ прывозка (за адзін кіламетр – 3,84 руб.).
Дровы ў філіяле заказваюць як жыхары райцэнтра, так і жыхары вёсак, якія знаходзяцца ў радыусе да дзесяці кіламетраў: Мікіціхі, Пабеды, Слабады, Сіроціна, Амбросавіч, Прыазёрнай, Светласельскага, Каравайніцы. Для жыхароў астатніх населеных пунктаў дарагія выдаткі па дастаўцы, і людзі стараюцца знайсці больш танны варыянт. Напрыклад, жыхары Полькавіч, Навікоў і Крывога Сяла заказваюць дровы ў Бешанковіцкім лясніцтве. А адтуль ужо перадаюць звесткі пра пакупнікоў у Шумілінскі філіял па забеспячэнні палівам, каб быў зроблены запіс у паліўнай кніжцы.
Снежань і студзень – месяцы актыўных заказаў не толькі дроў, але і торфабрыкету. Яму аддаюць перавагу ў асноўным тыя гаспадары, хто мае ўласныя качагаркі. Тры з паловай тоны, што адведзены на адно домаўладанне, без дастаўкі каштуюць 105 рублёў. Зараз ёсць чарга крыху больш як на сто тон. Але гэта нельга аднесці да недапрацовак работнікаў філіяла – з Лідскага раёна торфабрыкет пастаўляецца не па графіку. А звязана гэта з тым, што зараз усе раёны вобласці “завалілі” заяўкамі. “На днях паступяць чарговыя вагоны торфабрыкету, адразу будзем развазіць кліентам згодна з заяўкамі”, – запэўніў Уладзімір Мікалаевіч.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *