Более 60 исполнителей собрал в Шумилинской ДШИ конкурс «Созвездие талантов»

Актуалии Культура Новости

дуэт Якаўлева Арсенія і Раманятавай Вікторыі са Слабадскога ДК

«Сузор’е  талентаў»  для  беларускай  песні

У нядзелю ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў раённы агляд конкурс выканаўцаў беларускай песні, прысвечаны  80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці.
Конкурс сабраў больш за 60 выканаўцаў, якія падрыхтавалі каля 40 вакальных нумароў на роднай мове. Са сцэны гучалі народныя і аўтарскія, жартоўныя і сумныя, лірычныя і трагічныя, папулярныя і малавядомыя песні. Выступалі вучні і выкладчыкі Шумілінскай і Обальскай дзіцячых школ мастацтва, іх сельскіх філіялаў, раённага цэнтра культуры і Обальскага гарадскога дома культуры, 11 сельскіх клубаў. Беларускія песні спявалі салісты і дуэты, трыа, квартэты і вакальныя групы. Журы прыйшлося даволі складана выбраць пераможцаў.

Лявонава Надзея

Старшыня журы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая адзначыла, што конкурс мае на ўвазе папулярызацыю беларускай песні, павышэнне ўзроўню мастацкай самадзейнасці.

Амаль тры гадзіны доўжыўся канцэрт, гледачы шчыра падтрымлівалі выканаўцаў апладысментамі, хваляваліся не толькі за сваіх (сярод гледачоў пераважалі бацькі, сваякі і сябры выканаўцаў), а і за кожнага выступоўцу.

Дарэчы, прыз сімпатый гледачоў атрымала Смольская Ганна з песняй “Як ты там без мяне”, якая прадстаўляла Лескавіцкі сельскі клуб.

Графская Аляксандра

Пераможцамі раённага агляду-конкурсу сталі:
сярод групавых выканаўцаў – дуэт Якаўлева Арсенія і Раманятавай Вікторыі са Слабадскога ДК;
сярод салістаў ва ўзросце 5-15 год – Графская Аляксандра (1 месца, Шумілінская ДШМ), Кахтэнка Лідзія (2 месца, Шумілінская ДШМ), Пусянкова Кацярына (3 месца, Слабадскі філіял Шумілінскай ДШМ);
сярод салістаў старэй за 16 год – Лявонава Надзея (1 месца, Мішневіцкі СК), Трафімчык Кацярына (2 месца, Обальскі керамічны завод), Якуценка Юлія (2 месца, Шумілінскі РЦК), Смольская Ганна (3 месца, Лескавіцкі СК), Чарэшнева Валянціна (3 месца, Сіроцінскі клуб-бібліятэка).
Асобна былі адзначаны аўтары і выканаўцы аўтарскай песні Валянціна Грачанік (Шумілінскі РЦК) і аўтар музыкі да верша А. Губарава “Не цурайцеся мовы сваёй” Анатоль Міхееў, а таксама Анатоль Матус (Шумілінскі аўтаклуб), які выканаў уласную песню на верш А. Казака “Куточак мілай Беларусі”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 23.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *