Вечер, посвящённый 100-летию образования КДН прошёл в Шумилино

Актуалии Общество

Да апошняга абараняць інтарэсы дзіцяці

Мерапрыемства, прысвечанае 100-гадоваму юбілею службы аховы дзяцінства, прайшло 30 студзеня ў актавай зале СШ №1 і сабрала шмат шаноўных гасцей, якія маюць дачыненне да гэтай высакароднай справы.
У пачатку мінулага стагоддзя ў царскай Расіі налічвалася каля двух з паловай мільёнаў дзяцей, якія не мелі ні кавалка хлеба, ні прытулку. Іх колькасць імкліва расла, і ўжо ў 20-ыя гады гэта лічба дасягнула амаль пяці мільёнаў. У той час па ініцыятыве рэвалюцыянера, вядомага барацьбіта з дзіцячай безнагляднасцю Фелікса Дзяржынскага была створана камісія па паляпшэнні жыцця дзяцей. Пачала функцыянаваць сістэма дзіцячых устаноў: камун, калоній, дзіцячых дамоў, прытулкаў і інш.
14 студзеня 1918 года Дэкрэтам Савета Народных камісараў, які падпісаў Ленін, былі створаны камісіі па справах непаўналетніх. Тое мора безнаглядных, дзяцей-сірот, абяздоленых трэба было неяк кантраляваць, дзецям патрэбна была дапамога. З гэтай даты і пачынаецца адлік той вялізнай работы, якая вялася пад сцягам абароны дзяцінства. Мяняліся формы і назвы, але нязменным заставалася імкненне дапамагчы самым безабаронным у такім, часам, бязлітасным свеце – дзецям, падарыць ім магчымасць пражыць сваё жыццё годна і шчасліва.
“Чужых дзяцей не бывае, і ахова дзяцінства – наш агульны клопат”, – словы, сказаныя сённяшнім старшынёй камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама І. І. Шалахавай ужо даўно сталі дэвізам работы па абароне дзяцей. Таму і векавы юбілей палічылі важным для сябе святам прадстаўнікі раённых улад, работнікі пракуратуры і суда, міліцыі, адукацыі і медыцыны – усе, хто прысутнічаў у святочнай зале. І ўсім ім выказвала словы ўдзячнасці за работу, узаемадзеянне, мудрыя рашэнні і падказкі Ірына Іванаўна.

Сёння на першы план выйшла работа па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. “Важна захаваць сям’ю для дзіцяці і дзіця для сям’і”, – сказала яна. Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў старшыні суда А. А. Сініцкай за шматгадовую добрасумленную працу, эфектыўную дзейнасць па ўмацаванні законнасці, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян раёна.

Падзякі старшыні райвыканкама ў гэты дзень былі аб’яўлены Л. А. Грузневіч, намесніку старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх, Н. М. Казлоўскай, дырэктару Мішкаўскай дзіцячы сад –пачатковай школы, А. В. Патапавай, медыцынскай сястры прытулка.

“Шчасце ўсяго свету не каштуе адной слязы на шчацэ нявіннага дзіцяці” – працытаваў Фёдара Дастаеўскага пракурор раёна С. У. Зайцаў. Ён выказаў надзею, што калі-небудзь настане такі час, калі знікне неабходнасць у дзіцячых дамах і дамах састарэлых, пажадаў усім дарослым сваімі ўчынкамі і справамі вучыць дзяцей толькі дабру.
У ліпені 1944 года адкрыўся дзіцячы дом у Лескавічах, які ў 1978 годзе быў рэарганізаваны ў Лескавіцкую санаторна-лясную школу. Некаторы час там працавала педагог М. А. Кавалёва. Марыя Аляксееўна расказала пра тое, як было ўладкавана жыццё дзяцей ва ўстанове, як стараліся педагогі, каб дзеці развіваліся, каб не адчувалі сябе абяздоленымі. А яна, як ніхто іншы, разумее, што адчувае сірата, бо сама разам з братам гадавалася ў дзіцячым доме.
Гэта сумна ўсведамляць, але за сто гадоў работы па абароне дзяцінства вылечыць грамадства не ўдалося. А той вопыт, які напрацоўваўся гадамі і дзесяцігоддзямі, надзвычай каштоўны і сёння. Сакрэтамі сваёй работы дзяліліся былыя работнікі органаў апекі, старшыні камісій па справах непаўналетніх.
“Камісія па справах непаўналетніх – самая складаная з усіх, дзе даводзіцца старшынстваваць намесніку старшыні райвыканкама, – сказала ветэран службы аховы дзяцінства В. П. Аўчыннікава. – Сэрца балела пасля кожнага пасяджэння. Вядома, сэрца берагчы трэба, але і інтарэсы дзіцяці абараняць трэба да апошняга. Толькі так.” Вольга Пятроўна ўспомніла былых работнікаў, заўважыла, што ўсе заўжды працавалі адной камандай

Пра гэта гаварыла і былы яе калега Р. А. Туманава. “Усе рашэнні мы прымалі толькі разам. Пастаянна бывалі ў сем’ях, размаўлялі з суседзямі, склікалі сямейныя саветы”, – расказвала Раіса Аляксандраўна пра работу, памыліцца ў якой – значыць, зламаць жыццё чалавеку. Яна пажадала ўсім, хто стаіць на варце дзіцячых інтарэсаў сёння, узважваць кожнае сваё рашэнне, працаваць у адной камандзе і ніколі не чакаць удзячнасці за сваю работу, а проста рабіць тое, што абавязаны.
Свята было напоўнена цёплымі шчырымі пажаданнямі, словамі ўдзячнасці,  песнямі і танцавальнымі кампазіцыямі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №10 ад 02.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *