«Убью, чтобы ты никому не досталась», — сказал он…

Происшествия

Дык не даставайся ж ты нікому…

Больш за ўсё жанчына баіцца адзіноты. І гэты інстынкт з вялікім адрывам перамагае нават славуты інстынкт самазахавання. Не, жыць, вядома, хочацца, таму і тэлефанаванні ў міліцыю з просьбамі абараніць ад мужа-буяна, паступаюць з зайздроснай рэгулярнасцю. Праўда, як правіла, такія ўзрушэнні ніяк не замінаюць далейшаму сямейнаму жыццю. Часцей за ўсё, калі справа даходзіць да суда, жонка ці сужыцелька ўжо ўсё даўно даравала свайму крыўдзіцелю. І яны працягваюць прывычнае жыццё… да наступнага разу. І тут, як кажуць, без варыянтаў. Бывае, што і мінулыя сінякі сысці яшчэ не паспяваюць, а ён ужо зноў рукі распускае.
Праўда, у гэты раз жанчына пераконвала суд у тым, што за паўтара года сумеснага жыцця сужыцель падняў на яе руку ўпершыню. І ён бажыўся, што такое здарылася ў першы і апошні раз. Хаця, якое там, калі шчыра, сумеснае жыццё? Працуе ў Расіі, бывае наездамі, прыходзіць і сыходзіць, калі пажадае, без папярэджання, прападае ў кампаніях, п’е. Сама жанчына прызналася, што ён проста карыстаецца і ёю, і яе квадратнымі метрамі, бо пайсці яму больш няма куды. А калі што па гаспадарцы дапамагчы, цвік які ў сценку закалаціць і ўсё такое, то тут суседа зваць даводзіцца. Мужыка ж у хаце як не было, так і няма. А сусед у доме каго хочаш знервуе, калі што. Асабліва п’янага і не вельмі ўраўнаважанага мужчыну, які лічыць сябе ў гэтым доме гаспадаром.
“Заб’ю, – кажа, – каб нікому ты не дасталася”. Вось такі сюжэт амаль па Астроўскаму. Праўда, там пісталет быў, а гэты проста душыць узяўся. Але зноў жа потым у судзе паясняў, што душыць нікога ён не збіраўся, “так проста за горла ўзяў”.
Тым не менш, такія “сямейныя гульні” дакладна прапісаны ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь і адпавядаюць артыкулу №186 “Пагроза забойствам, калі былі падставы апасацца яе здзяйснення”, па якому старшынёй суда Аленай Сініцкай падчас аднаго з выязных адкрытых судовых пасяджэнняў і быў вынесены прыгавор – 240 гадзін грамадскіх работ.
Такія справы ў судзе апошнім часам разглядаюцца даволі часта. Бывае, што жонкі з дапамогай міліцыі хочуць, так сказаць, “правучыць” сваіх мужоў, бывае, што і сапраўды шукаюць паратунку ад разлютаванага п’янага мужчыны. Толькі ў амаль ста працэнтах выпадкаў яны працягваюць жыць разам. Такі фармат сямейных узаемаадносін вельмі цяжка ўсвядоміць, назіраючы за ўсім гэтым звонку. Сям’я – гэта ж пра клопат, пра каханне, пра ўзаемную павагу. Толькі ў сям’і, побач з блізкімі, роднымі людзьмі мы можам адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. І калі гэта не так, то, наогул, – навошта?..
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *