Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Грошы

Жыхар райцэнтра згубіў сваю банкаўскую картку. І праз некаторы час з яе былі зняты грошы. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што пакарыстаўся чужымі грашыма жыхар Полацкага раёна. Ён у тры прыёмы з банкаматаў у Полацку і Обалі зняў паўтара мільёна рублёў. Мужчына затрыманы. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
* * *
Жыхарка Віцебска звярнулася ў міліцыю з той нагоды, што ў яе ў кафэ “Метан” укралі сумачку, якую яна пакінула на століку.  У сумачцы, па словах пацярпелай, знаходзілася 37 мільёнаў рублёў.
Міліцыянеры высветлілі, што чужую сумачку прыбраў да рук жыхар Шуміліна. Ён затрыманы. Месца знаходжання ўкрадзеных грошай высвятляецца.
* * *
Пацярпела пенсіянерка з вёскі Лявонава, якая захоўвала грошы ў хустцы. Хустка была падвязана да падлакотніка крэсла. Аднойчы замест грошай (іх было больш за два мільёны рублёў) жанчына знайшла нарэзаную паперу. Пенсіянерка звярнулася ў міліцыю. Як высветлілася, напярэдадні да пацярпелай заходзілі тры незнаёмыя жанчыны. Гэта яны, як мяркуюць міліцыянеры, і маглі абакрасці вясковую жанчыну.
Дача
У дачны дом  жыхаркі райцэнтра, які знаходзіцца ў Мікіцісе, праніклі злодзеі. З хаты прапалі два газавыя балоны, а з гаспадарчай пабудовы – новыя дошкі. Агульны ўрон склаў 1,5 мільёна рублёў. Ёсць падазроны (жыхар Мікіціхі), які заключаны пад варту.

Са зводак ДАІ
На мапедзе

Супрацоўнікі ДАІ  прыпынілі ў Мікалаеве мясцовага жыхара, які ехаў на незарэгістраваным мапедзе і не меў на транспарт страхоўкі. За гэта мужчыну пагражае штраф да 7 базавых велічынь.
Сутыкнуліся
Жыхар Шуміліна, які ехаў на “Жыгулях”, пры павароце налева не ўпэўніўся ў бяспецы манеўра і сутыкнуўся з аўтамабілем ВАЗ, які ехаў па сустрэчнай паласе. Машыны пашкоджаны, людзі не пацярпелі. На вадзіцеля “Жыгулёў” складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 5 базавых велічынь.
Без флікераў
На вуліцы Першамайскай у Шуміліне ў цёмны час сутак па праезнай частцы ішлі два мужчыны, родныя браты. Ні адзін не меў пры сабе святловяртальных элементаў. Кожнаму з іх прыйдзецца заплаціць штраф па тры базавыя велічыні. Самае цікавае, што адзін з іх будзе плаціць штраф за адсутнасць флікера чацвёрты раз, а другі – восьмы.
На перакрыжаванні
На перакрыжаванні дарог Гарадок-Ула-Камень жыхар Шуміліна на аўтамабілі “Пежо”парушыў правілы дарожнага руху і выехаў на сустрэчную паласу руху. Нягледзячы на тое, што ў гэты час сустрэчных машын не было, на вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, мужчына пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры месяцы.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *