Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Завушніцы
З кватэры пенсіянеркі, якая пражывае ў Мікіцісе, зніклі ўпрыгожванні: завушніцы і ланцужок з крыжыкам. Гаспадыня не далічылася і 300 тысяч рублёў, якія ляжалі ў пакоі.
Агульны ўрон, нанесены пенсіянерцы, складае больш за 400 тысяч рублёў. У здзяйсненні крадзяжу падазраецца мясцовы жыхар.
Фура
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Обалі – у фуры (яна належыць фірме з Расійскай Федэрацыі) невядомыя злодзеі разбілі бакавое шкло, залезлі ў машыну, укралі адзенне і іншыя асабістыя рэчы вадзіцеля. Агульны ўрон ацэнены на суму каля 600 тысяч рублёў.
Тэлефон
Нярэдка супрацоўнікам міліцыі прыходзіцца шукаць украдзеныя мабільныя тэлефоны. Так было і ў вёсцы Лявонава. Напярэдадні ў доме пацярпелага пабываў мясцовы жыхар. Ён і прыхапіў з сабою тэлефон “Соні-Эрыксан”. Кошт мабільніка ацэнены больш як на 800 тысяч рублёў.
У ходзе вобыску ў доме падазронага тэлефон быў знойдзены, ён вернуты гаспадару. Па факту крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Безадказнасць
Год таму жыхарка райцэнтра за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, якіх выхоўвае дзяржава, была асуджана да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Але жанчына працаваць не хацела, ухілялася ад адбывання пакарання. Супраць гультайкі ўзбуджана крымінальная справа.
Грошы
У вяскоўцаў з Філіпенак з хаты ўкралі больш за сто тысяч рублёў і веласіпед, што знаходзіўся на двары. Ліхадзейкай аказалася непрацуючая жыхарка а.-г. Слабада.
DVD
У раённы аддзел унутраных спраў  паступіла заява ад вяскоўцаў з Крывога Сяла – невядомыя злодзеі ўзламалі дзвярны прабой на ўваходных дзвярах. У хаце гаспадар недалічыўся DVD-плэера. Па факту крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.
Чаравікі
Пацярпеў жыхар Мікалаёва – з яго хаты зніклі дзве пары зімовых мужчынскіх чаравікаў. Гаспадар не бачыў, хто і калі яго абакраў, бо дзверы, як і большасць вяскоўцаў, днём замыкаў рэдка. Тым не менш, супрацоўнікі міліцыі знайшлі і затрымалі злачынцу – непрацуючага мясцовага жыхара.
Злачынствы
У мінулым годзе супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў зарэгістравана 310 злачынстваў (за папярэдні год – 309). Па лініі крымінальнага вышуку ў раёне адбылося 221 злачынства. Зарэгістравана 11 грабяжоў (у 2009 годзе іх было 8), 2 хуліганствы (было 5).
Большая частка ўсіх злачынстваў – крадзяжы. Іх за мінулы год адбылося ў раёне 168. Па лініі незаконнага абароту наркотыкаў адбылося 6 злачынстваў, эканамічных злачынстваў – 18 (7 з іх – цяжкіх і асабліва цяжкіх), 6 – супраць інтарэсаў службы, у тым ліку адно хабарніцтва.
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №6 ад 25.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *