В прошлом году в Шумилинском районе два человека получили субсидии на открытие своего дела

Актуалии Общество Экономика

Субсідыя на адкрыццё сваёй справы

Пытанні занятасці насельніцтва заўсёды з’яўляюцца актуальнымі. Каб падтрымаць беспрацоўных грамадзян, дзяржавай прадугледжаны комплекс розных мер, сярод якіх і субсідыя на адкрыццё сваёй справы. У нашым раёне ў мінулым годзе субсідыі на адкрыццё сваёй справы атрымалі два чалавекі, расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава. Адзін чалавек выказаў жаданне працаваць у сферы фотапаслуг, другі – па камп’ютарным праграмаванні і кансультаванні.

Па законе заяву аб прадастаўленні субсідыі могуць падаць паўналетнія беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку на біржы працы. На гэтым самы просты этап завяршаецца. Каб атрымаць грошы, трэба скласці і абараніць бізнес-план. Калі чалавеку самому напісаць такі дакумент не па сілах, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адпраўляе на бясплатныя курсы “Асновы бізнес-планавання” з выплатай на час вучобы стыпендыі.
Між іншым, камісія можа і адмовіць чалавеку ў субсідыі, калі палічыць яго дзейнасць не значнай для раёна. І такі выпадак ёсць. Летась, напрыклад, было адмоўлена грамадзяніну ў выдзяленні субсідыі на адкрыццё справы па выкананні камунальных паслуг.
На якую суму можна разлічваць? У мінулым годзе згодна з заканадаўствам у раёнах з высокім напружаннем на рынку працы (Шумілінскі раён быў у гэтым спісе) памер субсідыі быў роўны 15 бюджэтам пражытачнана мінумуму (у межах 3-х тысяч рублёў). Сёлета гэтая лічба крыху іншая: 11 БПМ для гараджан і 15 БПМ – для вяскоўцаў.
Пры гэтым, падкрэслім, за атрыманыя грошы трэба рабіць справаздачу. Калі бізнесмен “прагарэў” і на працягу 12 месяцаў пасля атрымання субсідыі зноў стаў на ўлік як беспрацоўны, ён павінен вярнуць усю суму субсідыі. Тое ж самае чакае яго і ў тым выпадку, калі ён не ажыццяўляў прадпрымальніцкую дзейнасць больш 6 месяцаў на працягу года пасля дзяржаўнай рэгістрацыі.
Мінулым летам адкрыла сваю справу жыхарка райцэнтра Дар’я Чапурнова. Пасля заканчэння ВНУ Дар’я не знайшла ў раёне работу па спецыяльнасці, а пераязджаць з роднага раёна не хацелася. Дапамогу ў адкрыцці прыватнага бізнесу аказала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, куды дзяўчына звярнулася ў пошуках работы. Упраўленне адправіла Д. Чапурнову ў Мінск на месячныя курсы па прадпрымальніцтве. Дзяўчына засталася вельмі задаволена вучобай, дзе яна атрымала азы маркетынгу, бухгалтарскага ўліку, статыстыкі і падатковага заканадаўства. Пасля курсаў яна змагла самастойна скласці свой бізнес-план і абараніць яго перад камісіяй.
На выдзеленыя сродкі – амаль 3100 рублёў – прадпрымальніца набыла неабходныя для работы абсталяванне і рэчы. Расходаванне субсідыі павінна было адпавядаць таму, што заяўлена ў бізнес-плане, і абавязкова пацвярджацца дакументамі і чэкамі.
“Для работы набыла МФУ (прынтар-сканер-ксеракс), аб’ектыў, успышку, штатыў, касавы апарат, тэрмінал, электронны ключ для дэкларавання, мэблю, у прыватнасці, стол, стул, крэсла, вешалку, стэлажы, шыльду”, – пералічвае Дар’я. – Фотаапарат у мяне быў свой. Канешне, адной субсідыі на адкрыццё ўласнай справы не хапіла, давялося ўкладваць і асабістыя сродкі. На той жа рамонт памяшкання і на яго арэнду”.
У пачатку верасня Дар’я Чапурнова адкрыла свой фотасалон “Фокус”, які неўзабаве папоўніўся і рознічным гандлем тавараў непрамысловай групы. Наёмных работнікаў у яе няма, сама працуе і за фотамайстра, і за прадаўца. З бухгалтарскімі пытаннямі вельмі дапамагае мама.
Практычна ніякага даходу магазін пакуль не прыносіць, усё што ўдаецца выручыць, ідзе на развіццё бізнесу. “Я думала, што першы час давядзецца працаваць у мінус, але не, выходжу ў нуль, і гэта добра, – прызнаецца Дар’я. – Мне вельмі падабаецца мая справа і тое, чым я займаюся. У мяне шмат заказаў. І на работу кожную раніцу я іду з задавальненнем”. У планах Дар’і працаваць і далей.
Алена КАРПУШЭНКА.