В Шумилинском районе определены лучшие первички ОО БРСМ

Актуалии

Конкурс пярвічак: Школьны марафон”
На мінулым тыдні  ў СШ № 2 г. п. Шуміліна прайшоў конкурс на лепшую школьную пярвічную арганізацыю ГА БРСМ  “Школьны марафон”. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У конкурсе бралі ўдзел рабяты з СШ № 1 і СШ № 2 г.п. Шуміліна,  Мікіціхінскай, Мішневіцкай, Амбросавіцкай і Обальскай школ.  Пярвічныя арганізацыі БРСМ, якія створаны пры кожнай школе, з’яўляюцца ініцыятарамі розных карысных спраў. Старшакласнікі не толькі арганізуюць цікавыя забаўляльныя мерапрыемствы, але і дапамагаюць ветэранам, прыбіраюць на брацкіх могілках, трымаюць шэфства над рабятамі з дзіцячага садка, прымаюць удзел у розных дабрачынных акцыях. Пра ўсе свае справы дзяўчаты і хлопцы расказалі на конкурсе.
Трэба адзначыць, што ўсе этапы конкурсу прайшлі цікава і нават інтрыгуюча.  Старшакласнікі адчувалі сябе на сцэне смела і ўпэўнена, яны спявалі, танцавалі, жартавалі, чыталі вершы пра дзейнасць сваёй пярвічкі.
У конкурсе-прывітанні “Знаёмцеся – гэта мы”, у конкурсе агітбрыгад дзеці вельмі яскрава праявілі сваю фантазію і артыстызм. Бачна было, што тэксты многіх песень і вершаў прыдумалі самі. І атрымалася, прама скажам, нядрэнна. Адчувалася, што старшакласнікі  валодаюць добрымі вакальнымі дадзенымі, што яны кемлівыя, задорныя і ініцыятыўныя. “Мала было вывучыць словы песень, трэба было яшчэ і выканаць так, каб за душу кранула, – кажа старшыня журы і намеснік начальніка аддзела культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. –  І ў старшакласнікаў гэта атрымалася. Вельмі прыемна было бачыць, як у хлопцаў і дзяўчат гарэлі вочы”.  У конкурсе-прывітанні першае месца заняла каманда Обальскай школы.
Весела і рытмічна прайшоў конкурс капітанаў, калі лідары каманд расказвалі жарты са школьнага жыцця. Вызначыць пераможцу дапамаглі апладысменты гледачоў, яны аддалі перавагу капітану Обальскай каманды.
Цікава прайшоў конкурс насценных газет “Новы фармат”. Іх трэба было аформіць у выглядзе сацыяльнай групы “Укантакце”. Напэўна, не ўсе  каманды гэта зразумелі, таму з-за адступлення ад тэмы і пазбавіліся прызавых месцаў. Самая лепшая газета была ў каманды з Мікіціхі.
Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – каманда Обальскай школы, другое – Мішневіцкай, трэцяе – СШ №1 г.п. Шуміліна. Дарэчы, каманды з Обалі і Мішневіч будуць абараняць гонар раёна на рэгіянальным этапе конкурсу, які пройдзе ў г. Гарадок. Застаецца пажадаць ім поспехаў і ўдачы.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *