
«Хай падрасце»: дачакаўся не дозы, а наручнікаў
У Шумілінскім раёне затрыманы 45-гадовы мужчына, які спадзяваўся на ўласны «ўраджай» каноплі. Цяпер яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
45-гадовы Дзмітрый (імя зменена па этычных меркаваннях) – разведзены, даўно залежны ад наркотыкаў. За плячыма – судзімасць і тэрмін. Мэтай жыцця стала чарговая доза.
Аднойчы, праязджаючы праз Шумілінскі раён, ён прыкмеціў маленькі кусцік каноплі. Не стаў спяшацца. «Хай падрасце», – падумаў ён. Запомніў месца. Нядаўна вярнуўся. Зрэзаў. Здавалася, вось яно – доўгачаканае. Але прыгатаваць наркотык не паспеў: на шляху сталі супрацоўнікі міліцыі.
Далей – без лірыкі. Узбуджана крымінальная справа. Яе вядзе следчы Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Людміла Данілава.
– Мужчына быў затрыманы непасрэдна пасля таго, як зрэзаў расліну, – расказала Людміла Данілава. – Прыгатаваць наркотык ён не паспеў.
Дзмітрый знаходзіцца пад вартай. Згодна з заканадаўствам яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Куст каноплі, які ён так цярпліва чакаў, не стаў выратаваннем. Залежнасць зноў прывяла да турмы. І гэта, бадай, самы лагічны фінал гісторыі.
Следчыя раяць:
калі вы выявілі на сваім зямельным участку, каля дома, на дачы дзікарослыя наркатычныя расліны, ні ў якім разе нельга пакідаць іх без увагі. Расліну трэба неадкладна знішчыць – вырваць з коранем і спаліць або закапаць у зямлю. Ні ў якім разе нельга спрабаваць іх сушыць, перапрацоўваць ці перадаваць іншым асобам. Гэта не толькі небяспечна для здароўя, але і з’яўляецца крымінальна каральным дзеяннем;
грамадзяне абавязаны паведамляць у праваахоўныя органы пра ўсе вядомыя факты незаконнага пасеву, вырошчвання або абароту наркатычных раслін. Таксама неабходна інфармаваць міліцыю аб месцах іх дзікага вырастання. Зрабіць гэта можна па тэлефоне 102, звярнуўшыся ў бліжэйшы аддзел міліцыі або да свайго ўчастковага інспектара. Ананімнасць гарантуецца.
Памятайте: нават адзін вырашчаны куст можа стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Не варта рызыкаваць сваёй свабодай і будучыняй з-за ілюзорнай выгады. Своечасовае паведамленне дапаможа пазбегнуць бяды і вам, і вашым блізкім.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
