10 мільёнаў штрафу і тры гады пазбаўлення правоў

Актуалии Закон Общество

10 мільёнаў штрафу і тры гады пазбаўлення правоў
Пасля наведвання чарговага пасяджэння грамадскага пункта аховы правапарадку закралася нейкае сумненне: а каму ўсё гэта патрэбна, навошта? Ушчуваць, выхоўваць дзіця – складаная справа, а тут дарослыя.
Вось, напрыклад, гэтыя двое. Пілі разам. Потым адзін з іх сеў за руль аўто сябра і павёз таго дадому. Чаму п’яны сеў за руль ды яшчэ чужога аўтамабіля? Адказвае: “Сябар быў яшчэ больш п’яны, ён не даехаў бы”…
Яны атрымалі па 10 мільёнаў штрафу і на тры гады пазбавіліся вадзіцельскіх правоў. Але на тварах няма раскаяння, віны. Наадварот, лёгкая ўсмешка, бравада.
Гэты шлейф “геройства” суправаджаў і іншых членаў “клуба па інтарэсах” (сярод 14 чалавек, якіх заслухалі на пасяджэнні, 6 – аматары п’янай язды за рулём). Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вёў пасяджэнне, начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, іншыя ўдзельнікі пасяджэння даводзілі, што за 10 мільёнаў можна было б не адзін дзень катацца на таксі, што паўторнае такое “геройства” можа прывесці да крымінальнай адказнасці і канфіскацыі аўтамабіля…  А што, самі яны гэтага не ведаюць?
І які кошт маюць словы, калі вунь гэтую маладую жанчыну не кранулі слёзы яе дзетак, якіх забіралі ў прытулак, калі яна можа спакойна ўсміхацца, ведаючы, што яе двойню ўжо ўсынавілі чужыя людзі, што яе дзеткі ніколі не назавуць яе мамай… Напэўна, у такіх “мамак” ад гарэлкі ўтвараецца непрабівальная браня на душы. А мы тут хочам знайсці нейкія словы.
Ужо сфарміравалася цэлая «армія» абавязаных асоб. Яны павінны плаціць дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей, а паколькі гэты абавязак іх мала хвалюе, то яны  – заўсёднікі такіх пасяджэнняў. Гэта ўжо другі “клуб па інтарэсах”. І для таго, каб трапіць у яго, дастаткова выкрасліць са сваёй свядомасці такія паняцці, як сумленне, жаночая і чалавечая годнасць, мацярынскі інстынкт. І трэба сказаць, што колькасць членаў гэтага “клуба” (як, дарэчы, і папярэдняга) няўхільна расце.
Усё больш упэўнена адчувае сябе ў нашым грамадстве і такая плынь, як утрыманцы. Не, вось гэтыя два трыццацігадовыя дзецюкі не лічаць сябе ўтрыманцамі. І нават глыбока пакрыўдзіліся, што дома іх папракнулі за лайдацтва, і свой “гонар” абаранілі кулакамі, узняўшы іх на … маці. “Будзе яна мяне хлебам папракаць?!, – заявіў адзін з іх. “Якая ў цябе мэта ў жыцці?” – спытаў у другога начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС В. М. Воранаў. У адказ пачулі: “Не ведаю”.
Вельмі насцярожвае і такая з’ява, характэрная для жанчын сталага ўзросту: пасля выхаду на пенсію яны паціху ўцягваюцца ў п’янства. Выхаваныя савецкім часам у самых строгіх традыцыях, адпрацаваўшы без разгібу па трыццаць-сорак гадоў на вытворчасці і дома, яна радуюцца, што ўрэшце з’явіўся час крыху адпачыць. У прыемнай кампаніі за чарачкай віна бавяць свой вольны час і часта не заўважаюць, як трапляюць у палон да зялёнага змія.
З усяго гэтага вынік: мы не ўмеем і не хочам вучыцца адпачываць, не ведаем, што піць, колькі і з кім. І галоўнае: мы не хочам браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *