Волейбольный турнир в память о Герое Советского Союза Петре Акуционке прошёл в Шумилино в 40-й раз

Новости Спорт, туризм

Турнір з саракагадовым стажам

У студзені 1978 года на Шуміліншчыне ўпершыню прайшоў валейбольны турнір, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка. На тым турніры за перамогу змагаліся каманды з Шуміліна, Оршы, Бешанковічаў, Глыбокага, Паставаў і Міёраў. На жаль, невядома, хто перамог на тых спаборніцтвах, але турнір стаў традыцыйным і карыстаецца папулярнасцю сярод спартсменаў як Віцебшчыны, так і ўсёй Беларусі.
У мінулыя выхадныя ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў адкрыты раённы турнір па валейболе сярод дзяўчат, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка. За перамогу змагаліся каманды з Шуміліна, Верхнядзвінска, Бешанковічаў, Кіраўска (Магілёўская вобласць) і Пскова (Расійская Федэрацыя). Адным з арганізатараў  турніру была і раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якая прадставіла медалі і кубкі пераможцам і прызёрам.
Спартыўных дасягненняў, прыгожай барацьбы, яркіх перамог пажадала ўдзельнікам спаборніцтваў намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” В. А. Емяльянаў адзначыў, што ў Шуміліне стала добрай традыцыяй, калі раённая арганізацыя падтрымлівае валейбольныя спаборніцтвы.
На сёлетнім турніры было ўсё: яркія перамогі, крыўдныя паражэнні, слёзы шчасця і горычы. І самае галоўнае тое, што ў цэнтры ўсіх гэтых падзей была шумілінская каманда. Асноўны склад каманды (Кацярына Асташонак, Яна Мясаедава, Наталля Казьміна, Карына Ільінец, Валянціна Ходзюш і Марыя Кралько) дакладна выконваў усе патрабаванні трэнера Людмілы Харкавец, дзяўчаты стараліся на пляцоўцы, поўнасцю выкладваліся і змагаліся за кожнае ачко. Няблага выходзілі на замену і больш юныя спартсменкі, якіх трэніруе Любоў Бабова,  жадання гуляць у іх хоць адбаўляй, а вопыт і навыкі прыходзяць з кожнай гульнёй, з кожнымі спаборніцтвамі.
Лёгкіх і прахадных сустрэч для шумілінскай каманды на турніры не было. З пскоўскай камандай прыйшлося нялёгка, далі бой і бешанковіцкія валейбалісткі, Верхнядзвінск ішоў у адрыў. Але як не складвалася сітуацыя, нашы землячкі былі камандай, моцнай і падрыхтаванай, як вынік – перамогі ў гэтых матчах. А вось тое, што адбывалася падчас сустрэчы “Шуміліна” – “Кіраўск” інакш як трылерам не назавеш. Першую партыю “ўзялі” шумілінскія валейбалісткі, затым дзве партыі засталіся за гасцямі, нашы змаглі  зраўняць лік па партыях і вялі ў пятай, рашаючай. Але некалькі памылак – і пройгрыш.
Такім чынам “Кіраўск” атрымаў перамогу на турніры, “Шуміліна” на другім месцы, дапоўніла прызавую тройку каманда з Верхнядзвінска. Лепшым іграком спаборніцтваў прызналі Кацярыну Асташонак, лепшым іграком каманды – Карыну Ільінец, прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Валянціне Ходзюш.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №13 ад 13.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *