Шумилинские спортивные новости

Молодёжь Новости Спорт, туризм

Хуткасць, спрыт, вынослівасць і перамога над сабой

На мінулым тыдні ў СДЮШАР упершыню былі праведзеныя новыя для нашага раёна спаборніцтвы – дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс Рэспублікі Беларусь. Такія спаборніцтвы прыйшлі замест  мнагабор’я “Здароўе” і будуць ладзіцца штогод.
У турніры бралі ўдзел каля ста вучняў з дзесяці навучальных устаноў раёна. У спаборніцтвах былі наступныя віды: падцягванне, скачок з месца, нахілы ўперад, чаўночны бег, адцісканне, падняцце тулава. Скокнуць даўжэй за ўсіх, адціснуцца ад падлогі, каб спіна пры гэтым была прамая – гэтыя этапы падаліся вучням найбольш складанымі. Але ж школьнікі стараліся. Галоўнае, што для ўсіх дзяцей гэтыя старты – шлях да здаровага ладу жыцця. Практычна на ўсіх этапах дзеці паказвалі  хуткасць, спрыт, сілу, вучыліся быць вынослівымі.
Пераможцы былі вызначаны сярод розных узроставых катэгорый: Раман Хадуноў з СШ №1 і Таццяна Зазнова з Обальскай СШ (узроставая катэгорыя 11 год), Іспянькоў Арцём і Кацярына Асташонак з СШ № 1 (12 год), Алег Гайдукевіч з Обальскай СШ і Вольга Гендзель з Мікіціхінскай школы (13 год), Мікіта Скараход з СШ №1 і Яна Іванова з раённай гімназіі (14 год), Аляксандр Наважылаў і Яна Ільіных з Обальскай СШ (15 год), Уладзіслаў Алімаў і Вольга Войчанка з Обальскай СШ (16 год).  Пераможцы будуць абараняць гонар нашага раёна на абласным этапе спаборніцтваў, які пройдзе ў канцы лютага.
Першае агульнакаманднае месца сярод гарадскіх школ атрымала  каманда Обальскай СШ (настаўнікі фізкультуры В. А. Гусакоў, П. В. Ганушчанка, І. С. Шалаеў), сярод сельскіх сярэдніх школ – Мікіціхінскай СШ  (А. Я. Асташонак). Сярод базавых школ раёна аднолькавую колькасць ачкоў набралі каманда Слабадской школы (У. А. Кучко) і Башнеўскай (Я. А. Асташонак).
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №15 ад 20.02.2018 г.

Грэка-рымская барацьба
У мястэчку Чысць Маладзечанскага раёна прайшоў міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе, у якім бралі ўдзел звыш 500 юных спартсменаў з Беларусі, Украіны, Расійскай Федэрацыі і Эстоніі. Чацвёра выхаванцаў обальскага трэнера Пятра Ганушчанкі па выніках спаборніцтваў падняліся на п’едэстал: першыя месцы заваявалі Арсеній Лосеў і Ілья Канстанцінаў, у Цімафея Карасёва і Вячаслава Цітова – трэція месцы.

Вольная барацьба
На рэспубліканскіх спаборніцтвах “Алімпійскія дні моладзі па вольнай барацьбе” абальчанка Вікторыя Касьянава заняла трэцяе месца ў вагавой катэгорыі 43 кг. Трэніруе спартсменку Пётр Ганушчанка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №15 ад 20.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *