Зоя Гарэленкава: «Зямля – не спадчына, а пазыка ў дзяцей і ўнукаў»

Экология Экономика

Зямля – не спадчына, а пазыка ў дзяцей і ўнукаў

Як вядома, да зямлі ў беларусаў заўсёды было беражлівае стаўленне, яе ласкава называлі “карміцелькай”. Ці карыстаецца сёння попытам зямля  і якія  пытанні хвалююць нашых землякоў – пра гэта і многае іншае гутарым напярэдадні прафесійнага свята з начальнікам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Зояй Лявонаўнай Гарэленкавай.
– Зоя Лявонаўна, на чым акцэнтуе галоўную ўвагу ваша служба?
–  Перш-наперш мы займаемся ажыццяўленнем дзяржаўнага рэгулявання ў сферы зямельных адносін, эфектыўнага выкарыстання зямель на тэрыторыі раёна. Акрамя таго, вырашаем пытанні, звязаныя з правядзеннем і якасцю землеўпарадкавальных і зямельна-кадастравых работ, апісаннем зямельных участкаў і г. д.
– Ці многа людзей прыходзіць на прыём да вашых спецыялістаў?
– Дзякуючы ўдасканаленню заканадаўства і рабоце розных раённых службаў па прынцыпе “аднаго акна” чэргаў няма. Тым не менш мы кожны дзень даём кансультацыі жыхарам раёна, напрыклад, летась іх атрымалі больш за паўтары сотні чалавек. У людзей пастаянна ўзнікаюць тыя ці іншыя пытанні, звязаныя з зямлёй. Напрыклад, аб устанаўленні межаў зямельных участкаў, аб узяцці ў арэнду, аб выдзяленні дадатковага ўчастка ў часовае карыстанне. Бываюць і розныя спрэчныя пытанні, але мы ўсе іх стараемся вырашаць у вызначаныя тэрміны.
– Для якіх мэт жыхары раёна просяць выдзеліць зямлю?
– Перш за ўсё для агародніцтва. Летась для гэтых мэт быў выдзелены 91 участак на плошчы 13 гектараў, для сенакашэння – 19 участкаў на плошчы 9,8 гектара, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі – 8 зямельных участкаў на плошчы 2,2 гектара. А яшчэ паміж грамадзянамі раёна  ў мінулым годзе былі пераразмеркаваны 123 участкі, якія не выкарыстоўваліся. Думаю, цяпер тут будзе парадак.
Прыемна адзначыць, што нашы землякі бяруць зямлю і на будаўніцтва. У прыватнасці, летась прадастаўлялі шэсць зямельных участкаў: па два ў Шуміліне і Светласельскім, па аднаму – на тэрыторыі Лаўжанскага і Сіроцінскага сельсаветаў. Згодна з заканадаўствам для будаўніцтва жылога дома ў гарадскім пасёлку і ў сельскай мясцовасці выдзяляецца ад 15 да 25 сотак. Між іншым, у пажыццёвую спадчыну чалавек можа аформіць да аднаго гектара плюс яшчэ ўзяць у арэнду да трох гектараў.
Мы вучымся з найбольшай выгодай распараджацца кожным зямельным участкам. І ў гэтым дапамагаюць аўкцыёны. Летась іх было праведзена чатыры. Па аднаму ўчасткі ў Філіпенках і Лескавічах было прададзена ў прыватную ўласнасць. Яшчэ два аўкцыёны былі праведзены ў Шуміліне і Обалі па продажы права заключэння дагавору арэнды для аб’ектаў рознічнага гандлю.
– А колькі ўвогуле ў нашым раёне налічваецца зямлі?
– 169540 гектараў. У тым ліку 54700 га сельскагаспадарчых земляў, 14206 га – палепшаных лугавых, 32592 га – ворыўных.
–  Што зроблена за мінулы год па навядзенні парадку на гэтых землях?
– У КУСГП “Мішневічы” праведзена рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Казьяны” на пло-шчы 165 гектараў, у сельскагаспадарчы абарот далучана  дзевяць гектараў лугоў. У ААТ “Пры-дзвінскі” ўзарана 16 га  незапатрабаванай вяскоўцамі зямлі, у “Лаўжанскім”  – 12 га лугоў, якія зараслі кустоўем. Сіламі работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм было высечана дзесяць гектараў кустоўя на меліярацыйных каналах, амаль 14 гектараў – у прыдарожных палосах аўтамабільных дарог. Акрамя таго, выканана рэкультывацыя земляў на кар’еры ў Грабніцы, на міні-палігонах у Забар’і і Убоіне.
– Якія праблемы землеўпарадкавальнага характару вас непакояць?
– Гэта пытанні добраўпарадкавання. Хочацца, каб на кожным кавалачку зямлі быў сапраўдны гаспадар, каб усе палеткі былі дагледжанымі, каб людзі памяталі: мы не атрымліваем зямлю ў спадчыну, а пазычаем яе ў нашых дзяцей і ўнукаў.  І павінны паклапаціцца пра тое, каб яна была перададзена нашчадкам прыгожай і квітнеючай.
–  Што вы хочаце пажадаць сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Перш за ўсё хочацца згадаць добрым словам былых кіраўнікоў службы Мікалая Паўлавіча Шанца, Ягора Сцяпанавіча Ганчарова, Вольгу Уладзіміраўну Бурлакову, Зафію Францаўну Алюліну, якія ўнеслі важкі ўклад у землеўпарадкавальную справу раёна. І ветэранам, і сённяшнім калегам жадаю дабрабыту, моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і добрага настрою.
–  Дзякуй за гутарку. І з надыходзячым вас прафесійным святам.
Гутарку вяла
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 20.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *