Ідэолагі Віцебшчыны вызначылі задачы на бягучы год

Актуалии Новости Президент

Ідэолагі Віцебшчыны вызначылі задачы на бягучы год

У сераду 28 лютага ў Полацку прайшла выніковая калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

На выязную калегію былі запрошаны начальнікі гарадскіх і раённых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, спецыялісты гэтых аддзелаў, галоўныя рэдактары дзяржаўных СМІ, кіраўнікі ўстаноў культуры. У рабоце калегіі бралі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ільясевіч, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, начальнік упраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін.
З дакладам пра вынікі работы за 2017 год і задачы на бягучы год выступіў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па правах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў, які прааналізаваў работу ідэалагічнай вертыкалі з насельніцтвам, вызначыў асноўныя вынікі галоўных напрамкаў дзейнасці ідэолагаў Віцебшчыны. У прыватнасці, падкрэсліў узровень арганізацыі і правядзення кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Былі выказаны заўвагі па рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп гар-, райвыканкамаў у працоўных калектывах і населеных пунктах.
Выступоўца засяродзіў увагу рэгіянальных СМІ на павышэнні якасці работы і актывізацыі работы журналістаў у сацыяльных сетках, інтэрнэт-прасторы, выкарыстанні сучасных форм падачы матэрыялаў.
Былі агучаны вынікі работы сферы культуры вобласці, вызначаны лепшыя прыклады дзейнасці ўстаноў культуры, вызначаны накірункі, па якіх гэтую работу трэба падцягнуць (у прыватнасці, дзейнасць сельскіх клубных устаноў). Культурнае жыццё Віцебшчыны надзвычай насычанае, і дасягнуты ўзровень трэба не толькі захаваць, але і павышаць якасць рэалізацыі культурных праектаў, падкрэсліў дакладчык.
У ходзе абмеркавання даклада вопытам работы па розных напрамках дзейнасці падзяліліся прадстаўнікі рэгіёнаў Віцебшчыны; задачы, якія стаяць перад работнікамі культуры, ідэалогіі, сродкаў масавай інфармацыі, акрэслілі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галіновых міністэрстваў і аблвыканкама.
У ходзе пленарнага пасяджэння прайшла цырымонія ўзнагароджання. Уладзімір Пенін уручыў прэміі Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Таксама былі ўручаны ўзнагароды Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, Граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Ганаровыя граматы цэнтральнага камітэта і абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Творчую справаздачу з удзелам калектываў Полацкага раёна прадставіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама. Старажытны Полацк багаты на культурныя падзеі, мае шмат творчых калектываў, рэалізуе мноства праектаў. У ходзе прэзентацыі культурных дасягненняў Полаччыны былі прадстаўлены Міжнародны літаратурны фестываль “Цэнтр Еўропы”, Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі” і Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.
Пра ролю горада ў духоўным жыцці краіны згадвае комплекс мерапрыемстваў  “5 чэрвеня – Дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай”. Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” нагадаў, што Полацк – радзіма заснавальніка беларускага кіно. Школа тэатра Сімяона Полацкага прадставіла ўрыўкі са спектакля “Легенда пра Усяслава Полацкага”.
У будучыню накіраваны Нацыянальны дзіцяча-маладзёжны форум “Скарынаўскія дні ў Полацку” і “Полацк – маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2017 года”, “Крэатыўныя падзейныя праекты” аб’ядналі чарнічны, грыбны і іншыя масавыя мерапрыемствы і фестывалі, што праводзяцца на працягу года на полацкай зямлі.
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі калегіі наведалі турыстычныя аб’екты Полацка, Полацкую дзяржаўную гімназію №1 імя Ф. Скарыны, Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур, паліграфічнае прадпрыемства “Спадчына Ф. Скарыны”, абмеркавалі бягучыя і перспектыўныя пытанні ў секцыях па сферах дзейнасці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №18 ад 02.03. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *