Шумилинские рыбаки — на втором месте!

Мир увлечений Новости

На здымку: Міхаіл Лісейцаў, Мікалай Вішнякоў, Вадзім Галаўнёў, Валерый Бандарэнка

У шумілінцаў – другое месца

У Бешанковічах прайшлі спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы сярод каманд ляснога комплексу Віцебскай вобласці. Арганізатарам спаборніцтва выступіла Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў лесу і прыродакарыстання. Шумілінская каманда ў складзе інжынера-будаўніка Мікалая Вішнякова, вартаўніка Міхаіла Лісейцава, вадзіцеля Вадзіма Галаўнёва, зваршчыка Валерыя Бандарэнкі заняла другое месца.
У індывідуальным заліку трэцяе месца ў Мікалая Вішнякова. Мы папрасілі гэтага вопытнага рыбалова падзяліцца ўражаннямі ад мерапрыемства.
“Са спаборніцтваў, якое праводзілася на Астравенскім возеры ля вёскі Дашкова, мы  вярнуліся ў прыўзнятым настроі. За апошнія дзесяць гадоў каманда нашага лясгасу не займала прызавое месца, – расказаў Мікалай Леанідавіч. – Таму душу перапаўняе гордасць за сваіх калег. Тым больш, што сапернікаў у нас было багата – больш як дваццаць каманд з усёй Віцебшчыны. Прызнацца, у гэты дзень рыба не дужа бралася. А па ўмовах спаборніцтваў ракаў і рыб, занесеных у Чырвоную Кнігу, мы павінны былі выпускаць назад у возера. Але Міхаілу Лісейцаву пашанцавала – злавіў акуня на мармышку вагаю 340 грамаў і аказаўся пераможцам у намінацыі “Самая вялікая рыбіна”, за што быў узнагароджаны тэлескапічнай вудай. Мне за трэцяе месца ўручылі бур. Увогуле было вельмі прыемна, што нас тройчы выклікалі для атрымання ўзнагарод. Напрыканцы спаборніцтваў усіх удзельнікаў частавалі рыбнай юшкай і гарачым чаем.
Мы засталіся задаволенымі, што прафсаюзная арганізацыя лясгасу з разуменнем аднеслася да нашага ўдзелу ў спаборніцтвах па падлёднай лоўлі рыбы і падтрымала фінансава. Ну, а калі мы прыехалі з перамогай, кіраўніцтва нас усіх узнагародзіла прэміяй”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 02.03. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *