Отчаянно сражались шумилинские волейболистки

Новости Спорт, туризм

Эмоцыі і перажыванні

У нядзелю, 18 сакавіка, у СДЮШАР прайшоў адкрыты турнір па валейболе сярод жаночых каманд. За перамогу змагаліся па дзве шумілінскія (“Шуміліна” і СДЮШАР) і віцебскія (“Віцебскэнерга” і “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава) каманды, валейбалісткі з Лепеля і Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая вітала ўдзельнікаў спаборніцтваў на шумілінскай зямлі і  пажадала спартыўных перамог і прыгожай барацьбы.
Відаць, валейбольныя заўзятары засумавалі па жаночым валейболе: турнір сабраў багата гледачоў, якія гучна падтрымлівалі валейбалістак. Што-што, а жаночы валейбол – гэта мноства эмоцый і перажыванняў. Шэсць каманд – шэсць гульнявых стыляў. У выніку кожная сустрэча  глядзелася на адным дыханні.
Адкрывала і закрывала  турнір каманда “Шуміліна”. У першай сустрэчы супраць Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта наша каманда, за якую выступалі Рыта Бяззубенка, Людміла Харкавец, Антаніна Сямёнава, Вольга Гаева, Валерыя Акуневіч, Сафія Сямёнава і Кацярына Корсак, паказалі ўпэўненую гульню, яны гулялі самі і давалі гуляць саперніку. У фінале нашы зямлячкі супрацьстаялі “Віцебскэнерга”. На жаль, віцяблянкі аказаліся больш сыгранымі, як вынік – іх  перамога, а разам з ёй і перамога на турніры.
Ухвальных слоў заслужылі і юныя валейбалісткі з каманды СДЮШАР. Гэта быў іх дэбют на дарослым турніры. З кожнай гульнёй  дзяўчаты ўсё больш упэўнена адчувалі сябе на пляцоўцы. Сваю лепшую гульню СДЮШАР правяла супраць Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ва ўпартай барацьбе юныя валейбалісткі перамаглі. І няважна, што гэта была сустрэча за пятае выніковае месца. Першая перамога на дарослым узроўні ў каманды ўжо ёсць!
Па выніках спаборніцтваў прызавая тройка спаборніцтваў наступная: першае месца – “Віцебскэнерга”, другое – “Шуміліна”, трэцяе – “Пскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт”. Лепшым пасуючым турніру прызналі Людмілу Харкавец, лепшым абаронцам – Рыту Бяззубенка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №23 ад 23.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *