День открытых дверей организовали в Шумилинском РОВД

Новости Образование Общество

Сярод школьнікаў ёсць і будучыя міліцыянеры

Калі школьнікі пазнаёмяцца з работай усіх аддзяленняў раённага аддзела ўнутраных спраў, калі міліцыянеры ім раскажуць цікавыя выпадкі са сваёй службы, пакажуць узбраенне і спецыяльныя сродкі абароны – тады дзеці па-сапраўднаму зразумеюць, якая цікавая і патрэбная для грамадства служба ў ахоўнікаў правапарадку. Зыходзячы з гэтага пункту погляду, кіраўніцтва РАУС арганізавала дзень адкрытых дзвярэй.
У аддзел унутраных спраў завіталі больш за трыццаць вучняў сярэдняга і старэйшага звяна СШ № 2 г. п. Шуміліна, раённай гімназіі і Башнёўскай школы. Дзецям расказалі пра работу аператыўна-дзяжурнай часці: прыём паведамленняў ад грамадзян і рэагаванне іх, выезды дзяжурных нарадаў на розныя здарэнні.
Вельмі цікавай была экскурсія ў ізалятар часовага ўтрымання і пакой для затрыманых. Многія дзеці былі пад уражаннем кратаў, за якімі сядзелі затрыманыя. “Сюды лепш не трапляць!” – зрабіў уголас вывад адзін са старшакласнікаў.
Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі расказаў дзецям пра міліцэйскі службовы транспарт: аўтазак для перавозкі заключаных пад варту, машыны аператыўна-дзяжурнай службы і ДАІ. Пасля гэтага дзяцей чакаў сюрпрыз – паказальнае выступленне міліцыянера-кінолага раённага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксея Зубарава са службовым сабакам.
Дзеці азнаёміліся са спецыяльнымі сродкамі аховы міліцыянераў –  бронекамізэлькамі, шлемамі і каскамі, пісталетам Макарава і аўтаматам Калашнікава. Напрыканцы школьнікам паказалі фільм пра службу ў міліцыі.
Некаторыя старшакласнікі, што пабывалі на экскурсіі ў РАУС, даўно мараць звязаць сваё жыццё з аховай правапарадку. Напэўна, пасля дня адкрытых дзвярэй прэтэндэнтаў паступаць у навучальныя ўстановы МУС стане яшчэ больш.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *