Шквал эмоций подарил болельщикам мужской волейбол

Актуалии Новости Спорт, туризм

“Спадарожнік” – лепшы

У суботу, 24 сакавіка, у СДЮШАР прайшоў валейбольны турнір сярод мужчынскіх каманд. У турніры бралі ўдзел каманды “Шуміліна”, “Спадарожнік”, райвыканкама, абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, “Сянно” і “Вароны” (Віцебск).
Адкрыў турнір старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, які расказаў пра поспехі шумілінскага валейболу, пажадаў удзельнікам спаборніцтваў яркай і прыгожай гульні.
Першай сустрэчай турніру стала супрацьстаянне каманд  райвыканкама і абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адзначым, што першую ўзначальваў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, а другую – начальнік абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Клобук. Шумілінскія валейбалісты годна змагаліся супраць каманды, узмоцненай валейбалістамі з клуба “Марка” (Віцебск), ні разу не “адпусцілі” сапернікаў больш чым на тры ачкі. Праўда, у канцоўках партый прафесіяналізм і вопыт віцяблян узялі сваё.
Наступнымі на пляцоўку выйшлі “Шуміліна” і “Спадарожнік”. Гэтыя дзве шумілінскія каманды пастаянна спаборнічаюць паміж сабой, кожны іх матч – сапраўдны трылер з невядомым фіналам. Ды і перамогі каманды Канстанціна Мончыка і Сяргея Абраменкі неяк чаргуюцца паміж сабой. І на гэты раз супрацьстаянне выдалася надзвычай спякотным і бескампрамісным.  Зразумела, што заўзятары ад такога накалу толькі выйгралі, а вось каму сапраўды прыйшлося цяжка – гэта суддзям Аляксандру Асташонку і Юрыю Пальвінскаму. У цяжкай сустрэчы з трох партый перамог “Спадарожнік”.
Што тычыцца астатніх матчаў, то нечаканасцяў не было. Больш мацнейшыя каманды перамагалі, хаця лёгкіх, прахадных гульняў, не было.
У матчы за трэцяе месца сустрэліся “Сянно” і “Шуміліна”. Нашы землякі без усялякіх праблем абыгралі сапернікаў, лепшымі на пляцоўцы былі Арцём Масько і Дзмітрый Бяззубенка.
А вось ад фінальнай сустрэчы каманд “Спадарожнік” і абласнога ўпраўлення МНС можна было чакаць любога выніку, бо калектывы правялі  турнір роўна і прыгожа.  Многія балельшчыкі былі перакананы, што гульня будзе доўгай і з трох партый. Але гэтага не здарылася. Капітан “Спадарожніка” Сяргей Абраменка перайграў канкурэнтаў тактычна.  Сяргей Абраменка, Аляксей Лебядзеўскі, Сяргей Шніпаў, Антон Сілін, Аляксей Аляшкевіч, Яўген Хадзянок і Максім Шкрэдаў  гулялі спакойна і ўпэўнена, кожны з іх ведаў, як перамагчы. “Спадарожнік” выйграў фінальную сустрэчу і разам з ёй і турнір.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *