В магазине мужчину незаконно обвинили в краже

Общество

Выпадак  у  магазіне
або Пра тое, як чужая пільнасць ледзь да інфаркту не давяла

Ну, хто з нас хаця б аднойчы не наракаў на работу прадаўцоў? Ды і ў іх, можна не сумнявацца, накапіліся сякія-такія прэтэнзіі на наш кошт. Але, не маючы ніякай магчымасці адно без аднаго абысціся, мы зноў і зноў будзем узаемадзейнічаць. І для таго, каб гэта ўзаемадзеянне было камфортным, на мой погляд, патрэбна не так і многа, а канкрэтна – узаемапавага і строгае захаванне заканадаўства. Праўда, як казаў класік, “Жить в эту пору прекрасную уж не придется – ни мне, ни тебе”… Чалавечы фактар і ўсё такое – карацей, пакуль нерэальна.
Дык да чаго ўсе гэтыя разважанні? Прыйшоў нядаўна ў рэдакцыю мужчына, вельмі ўзрушаны ад наведвання аднаго з папулярных шумілінскіх магазінаў, які працуе па прынцыпе самаабслугоўвання. Грушы, кажа, выбіраў, а руку пры гэтым у кішэню раз ад разу клаў.
– А што – нельга, хіба гэта злачынства – руку ў кішэню пакласці?
– Можна, – кажам, – а як жа. Ваша рука – трымайце, дзе пажадаеце. Ніякіх асаблівых інструкцый на гэты конт быццам і не прадугледжана.
А ўжо ў чарзе да касы адна задужа пільная пакупніца прычапілася: “Не хацелі б вы, таварыш, і за тое, што ў кішэню паклалі, расплаціцца?”. Мужчына ўзяўся хлопаць сябе па кішэнях, даводзіць, што нічога там не хаваў. У гэты момант да яго падышла жанчына, якая прадставілася дырэктарам магазіна, і павяла яго ў спецыяльны пакой, дзе можна прагледзець запіс з камер відэаназірання. Мужчына пакінуў чаргу і пайшоў услед за ёй. Калі высветлілася, што нічога ён усё ж не браў, то, па яго словах, перад ім ніхто нават не выбачаўся.
А ён жа, у сваю чаргу, перажыў сапраўдны стрэс: у магазіне былі знаёмыя, а раптам хто падумае, што ён і праўда нячысты на руку. У выніку мужчына ўсё ж вярнуўся ў магазін і пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў.
Дырэктар магазіна адразу ж успомніла гэты выпадак і апісала сітуацыю, як яна яе бачыць. Усё тая ж задужа пільная пакупніца, западозрыўшы мужчыну ў крадзяжы груш, сігналізавала пра гэта работніку магазіна, а той, у сваю чаргу, – дырэктару. Аказваецца, той факт, што мужчына – пажылы, сыграў супраць яго. Па словах прадаўцоў, людзі сталага веку часцей, чым маладыя, дазваляюць сабе выносіць неаплачаны тавар. Нечакана.
Дык вось, дырэктар выйшла і, як звычайна робіць у такіх выпадках, стала на выхадзе з разлікова-касавай зоны, каб паназіраць за паводзінамі пакупніка. І толькі калі ўжо пачаўся той самы канфлікт паміж пільнай пакупніцай і нашым мужчынам, ёй прышлося ўмяшацца. “Я сказала, што ў магазіне працуюць відэакамеры, і можна прагледзець запіс. Прапанавала мужчыну пайсці са мной у спецыяльны пакой. Ён пайшоў, – апісала сітуацыю дырэктар. – А папрасіць выбачэння ён мне проста не даў магчымасці”. Цяпер магазін будзе рэагаваць на афіцыйную скаргу.
У гэтай сітуацыі хочацца звярнуць увагу на тую самую пакупніцу, якая адрозніваецца асаблівай пільнасцю. Яна, можна не сумнявацца, пайшла сабе дадому, абсалютна задаволеная сабой. І, магчыма, не падазрае, які сыр-бор разгарэўся з-за яе, як ні круці, паклёпу. Папярэдзіць злачынства, вядома, – грамадзянскі абавязак кожнага. Але, прабачце, з такім жа поспехам можна паказаць пальцам і абвінаваціць любога. Нехта ў сумачку за мабільным палез (а раптам што паклаў туды, а не ў кошык); іншы выбраць не можа, што яму купляць: цукеркі ці, можа, шампунь – марудзіць; у некага сам выраз твару ну такі падазроны – дакладна плануе які апельсін скрасці. Ды і зноў жа, нават калі хтосьці і паклаў сабе ў гандлёвай зале нешта ў кішэню, а раптам на касе ён за гэта расплаціцца? Карацей, разважаць можна доўга, але ўсё ж здаецца, што абвінавачваць чалавека, не маючы на гэта відавочных падстаў, – няварта. Вунь як можа атрымацца. У сумленнага, як высветлілася, пакупніка ціск падскочыў, а на гандлёвы аб’ект скарга “накатана”.
У магазіне ж сказалі, што людзі сапраўды крадуць, а апошнім часам больш, таму і прадаўцы заўжды ў поўнай, так сказаць, баявой гатоўнасці. Калі западозрылі некага, то “вядуць” да касы, а там прапануюць зверыць пакупкі з чэкам, паказаць сумку, прагледзець запісы з камер. Калі ўрэгуляваць сітуацыю не ўдаецца, націскаюць трывожную кнопку ці выклікаюць міліцыю. Але ж многія крадзяжы так і застаюцца нераскрытымі.
Калі дазволіць сабе дадумаць, як жа ў гэтым канкрэтным выпадку павінны былі дзейнічаць супрацоўнікі магазіна, каб пазбегнуць інцыдэнту, то сама сабой просіцца наступная карціна. Жанчына сігналізуе, ёй дзякуюць за пільнасць і здымаюць з яе “следчыя паўнамоцтвы”, пакуль мужчына ў чарзе, праглядваюць запісы з камер і пераконваюцца, што той жанчыне проста падалося.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

І бонус ад рэдакцыі.
Пакупнік мае права:
– не раскрываць сваю сумку перад прадаўцом, які хоча пераканацца, што пакупнік туды нічога лішняга не паклаў (выварочваць кішэні таксама не трэба);
– не пакідаць сваю сумку ў камеры захоўвання, а браць яе з сабой у гандлёвую залу;
– не аплачваць тавар, які выпадкова пашкодзіў (напрыклад, разбіў бутэльку), калі гэта не было зроблена наўмысна, што ў сваю чаргу павінна быць даказана праз суд;
– заплаціць на касе кошт, які ўказаны на этыкетцы і ні капейкай больш, нават калі прадавец пераконвае, што “проста этыкеткі не паспелі памяняць”.
Гэтыя і многія іншыя моманты прапісаны ў адпаведных законах Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *