Сябры з Вялікіх Лук наведалі Шуміліна

Актуалии Навіны

Сябры з Вялікіх Лук наведалі Шуміліна
Год таму быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Шумілінскім раённым выканаўчым камітэтам і адміністрацыяй Велікалуцкага раёна. Дагавор прадугледжвае супрацоўніцтва рэгіёнаў па развіцці мясцовага кіравання і самакіравання, адукацыі, спорту, турызму, культуры, СМІ, эканомікі, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Дагавор павінен спрыяць актывізацыі дзелавых кантактаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, развіццю супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі.
У рамках гэтага супрацоўніцтва 2 красавіка дэлегацыя Велікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі завітала ў Шумілінскі раён. Гэты візіт стаў галоўнай падзеяй святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Дэлегацыю з Расіі, у якую ўваходзілі прадстаўнікі сацыяльнай сферы, культуры, эканомікі раёна-пабраціма, узначаліў кіраўнік адміністрацыі Велікалуцкага раёна Сяргей Пятроў.

Насычаная праграма для гасцей была падрыхтавана такім чынам, каб у іх была магчымасць пазнаёміцца з тымі сферамі жыцця, якія іх найперш цікавяць, для таго, каб намеціць пазіцыі супрацоўніцтва, магчыма, пераняць вопыт, ды і проста пазнаёміцца з жыццём звычайнага рэгіёна краіны-суседкі. Рэгіёна, дарэчы, блізкага па духу і напоўненасці.
Аглядную экскурсію па Шуміліне змяніла паездка ў Обаль. Там госці найперш наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля, дзе старшы навуковы супрацоўнік Лёля Лузгіна расказала пра выпрабаванні, якія выпалі на долю юных змагароў за свабоду. Гасцей уразіла ўбачанае і пачутае, яны выказалі словы ўдзячнасці за захаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну, подзвіг народа ў гэтай вайне.

Нельга было праехаць і міма Обальскага керамічнага завода – буйнейшага вытворчага прадпрыемства не толькі Обалі, але і ўсяго раёна. Госці самі выказалі жаданне пабываць на вытворчасці, паглядзець, як робіцца обальская цэгла, якую ролю ў гэтым працэсе іграюць робаты, што з’явіліся там пасля мадэрнізацыі. Варта заўважыць, што за мінулы год ОКЗ паставіў у Вялікія Лукі сваёй прадукцыі на 7 тысяч долараў. “Ужо сёлета ў рэгіён адгружана цэглы на 3 тысячы долараў, і аб’ёмы мінулага года будуць перасягнуты”, – расказаў начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце ОКЗ Аляксандр Манак. Вядома, што не магла не спадабацца гасцям з Расіі і сувенірная прадукцыя, размешчаная ў музеі завода.
У аграгарадку Мікіціха гасцям былі прэзентаваны аб’-екты сацыяльнай сферы – школа, дзіцячы сад, урачэбная амбулаторыя, цэнтр культуры і вольнага часу. Яны засталіся пад уражаннем ад убачанага, ад таго, колькі ў нашай краіне робіцца для сацыяльнай падтрымкі грамадзян.
Вярнуўшыся ў Шуміліна, дэлегацыя наведала таксама фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і Дом рамёстваў.
*     *     *
Кіраўнікі раёнаў адкрылі святочнае мерапрыемства, што праходзіла ў Шумілінскай ДШМ.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў павіншаваў жыхароў Шуміліншчыны і расійскую дэлегацыю са святам, адзначыў станоўчыя прыклады ўзаемадзеяння арганізацый і прадпрыемстваў раёна з расійскім рэгіёнам, выказаў упэўненасць у далейшым актыўным і плённым супрацоўніцтве ў эканоміцы, культуры, адукацыі і спорце.
Кіраўнік адміністрацыі Велікалуцкага раёна Сяргей Пятроў, які ўзначальваў дэлегацыю расійскага раёна, падзякаваў за цёплы прыём, адзначыў зацікаўленасць членаў дэлегацыі ў развіцці сувязяў з Шумілінскім раёнам, пацвердзіў накірунак на ўсебаковае супрацоўніцтва з нашым раёнам. Кіраўнік расійскай дэлегацыі ўручыў Аляксандру Снараву памятны падарунак – карціну мясцовага мастака з выявай сядзібы вядомага матэматыка Соф’і Кавалеўскай, якая жыла ў Велікалуцкім раёне. Кіраўнікам рэгіёнаў былі ўручаны святочныя караваі.
Канцэртную праграму да свята яднання двух народаў падрыхтавалі артысты ўстаноў культуры Шуміліншчыны. Да песень і музычных нумароў у выкананні шумілінскіх салістаў і калектываў цудоўна далучыліся песні салістаў з Вялікіх Лук Іны Дзямідавай і Ігара Конічава. Песні на беларускай і рускай мовах пра Беларусь, Расію, родную вёску, дружбу і братэрства двух народаў шчодрымі апладысментамі сустракалі гледачы. Атмасфера адзінства, сяброўства і шчырасці добра дэманстравала, што гэтае свята мае глыбокія карані ў абодвух народаў, якія шмат вякоў жывуць побач, маюць агульную гісторыю і блізкую культуру.
Падчас свята адзначалася, што наступны візіт шумілінцаў у Вялікія Лукі будзе прадоўжаны ў сферы культуры і спорту.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №27 ад 06.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *