Дзіця – таксама чалавек

Образование Общество

Дзіця – таксама чалавек

Прыходзіць неяк са школы мой сын, акуратна вешае куртку на спецыяльна прызначаны для гэтага кручок, партфель заносіць у свой пакой, а не кідае, як звычайна, прама на парозе. Садзіцца побач на канапу. Нешта здарылася, разумею я.
“Дзень нармальна прайшоў, – пачынае ён яўна здалёк, – звычайны такі дзень, як усе. У мяне там сямёрка па матэматыцы. Ну, нармальная ж адзнака  сямёрка?”. “Канешне, нармальная, добрая адзнака. Маладзец”, – падтрымліваю я ўверцюру ў чаканні асноўнага прадстаўлення. А ён усё сядзіць. Не гойсае, як сайгак, не стаіць на вушах. Проста сядзіць.
“Мне там фізрук заўвагу ў дзённік напісаў…”, – кажа ён быццам між іншага, але асаблівая насцярожанасць выдае з галавой той факт, што менавіта дзеля гэтага паведамлення і распачыналася гаворка. Дзякуй богу, нічога страшнага – думаю я сама сабе, а ўслых пачынаю высвятляць прычыны. А яны ніяк не высвятляюцца. І паводзіў сябе нармальна, і заданні выконваў усе, і нічога такога незвычайнага на тым уроку, на яго погляд, не здарылася.
І тут два варыянты: або сапраўды заўвага незаслужаная, або прызнавацца не хоча. І тут я па-нашаму, па-бацькоўску, пачынаю, прабачце, браць дзіця на понт. Пайду-ка я ў школу да настаўніка і высветлю, чаго ж гэта ён майму сыну заўвагі ні за што, ні пра што піша. Гэта, маўляў, не справядліва. “Ну, раз настаўнік напісаў, значыць, было за што”, – ставіць свой подпіс пад прыгаворам мой сын, гэтым самым канчаткова пераканаўшы мяне ў тым, што і сапраўды не ведае ён, за што яму ўляпілі тую няшчасную заўвагу. І ён не супакоіўся, пакуль я не паабяцала ні ў якую школу не хадзіць.
Справа тут, вядома, не ў заўвазе ў дзённіку – гэта дробязі. Проста выходзіць, што чалавек у свае 10 год выразна разумее, што супраць дарослага ён – ніхто, і што ён ніколі не выйдзе пераможцам, нават калі сто разоў будзе правы. Лепш прызнаць сябе вінаватым, так прасцей, і клопатаў менш.
І ў мяне ў сувязі з гэтым толькі адно пытанне: калі і што як маці я зрабіла не так? У які момант дала зразумець, што дзіця – гэта не зусім паўнацэнны чалавек, а так – пакуль загатоўка?
Чаму, мы, дарослыя, дазваляем сабе не прымаць дзяцей усур’ез? Нам усё здаецца, што людзьмі яны стануць калі-небудзь потым, ну, напрыклад, пасля 18-ці. Тады з імі і можна будзе размаўляць на роўных. Тады ім можна будзе патлумачыць, што па чым у гэтым жыцці. Толькі праблема ў тым, што да 18-ці яны пра гэта самае жыццё будуць ведаць больш за нас. Яны навучацца прыстасоўвацца, крывадушнічаць, ужываць двайныя стандарты. Яны стануць такімі ж, як мы. А нам жа ўсё хочацца, каб яны былі лепшымі за нас. І гэта надзвычай важкая прычына для кожнага з нас працаваць над сабой і кожны дзень станавіцца лепшым, чым учора. Хаця б дзеля дзяцей. Сваіх і чужых таксама.
Наталля ЯГОРКІНА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *