Когда школа искусств справит новоселье?

Культура Образование

Калі прыйдзе “другая маладосць”?
Час і гісторыя помняць не толькі людзей, іх заслугі, застаюцца ва ўдзячных аналах і архітэктурныя пабудовы розных эпох і накірункаў. У будынка, аб якім павядзём гаворку, няма ганаровых рэгалій, але ён для карэнных шумілінцаў — гісторыя, якую трэба шанаваць. У гэтым будынку, які стаіць на рагу вуліц Піянерскай і Ленінскай, месцілася некалі сярэдняя школа. Да таго, як узвялі ў Шуміліне больш прасторную і самавітую. І сёння выдатна захавалася лепка, барэльеф выявы разгорнутай кнігі на франтоне будынка — як сімвал адукацыйнай установы.
Неўзабаве тут размесцяцца апартаменты школы мастацтваў. Хочацца верыць, што неўзабаве. Зачакалася наваселля музычная школа, ды і наогул, хочацца як мага хутчэй пабачыць шаноўны сваёй паставай, прыгожы, з густам адрамантаваны будынак.
Ледзь не чатыры гады вядзецца рамонт. Вядома, пачалі з замены даху, затым узяліся за ўнутранае аздабленне і ўпрыгожанне. На канец мінулага года было асвоена 980 мільёнаў рублёў. Сёлета “знайшлі” ў вобласці 325 мільёнаў, каб не ставіць на доўгую кансервацыю пакутны аб’ект.
— Грошай, што выдзелілі, усё адно не хопіць, каб здаць школу пад ключ, — расказвае начальнік аддзела культуры райвыканкама Алег Фёдаравіч Мацвяйчук. — Вырашылі закончыць з другім паверхам і перавесці туды музычную школу. Тым больш, што і асобны ўваход ёсць. Вядзём перагаворы з падрадчыкам, каб да канца кастрычніка закончыць там работы. А справы той засталося няшмат: уставіць дзверы, навесіць столь-армстронг (каркас ужо гатовы). Ну і электрыкам работы на дзень: выключальнікі, свяцільнікі. Але дамаўленне ідзе нялёгка…
Заглянуў, каб пацікавіцца, ці спорна ідзе рамонт, тройчы, апошні раз з фотаапаратам. Гэта насцярожыла брыгадзіра з ТДА “Вектар-А” А. Ю. Фёдарава.
— Знімаць? Не, давайце спачатку звяжу вас з майстрам…
Звязаліся, дазволіў. Знімаю ў прысутнасці рабочага. Бяжыць на другі паверх брыгадзір.
— Залу не знімайце. Прараб забараніў…
Паглядзелі на фотаапараце: усё ў парадку. “Мытня дае дабро”, — пасмяяўся я, прыгадваючы вядомую мастацкую стужку.
А што зала? Па словах рабочага, чакаюць цесляры дошкі, каб майстраваць авансцэну, павінны прыбыць плінтусы. І чаму фірма баіцца знімкаў у газеце, розуму не прыкладу…
Затое ведаю: каб здаць школу мастацтваў (маецца на ўвазе, з усім добраўпарадкаваннем), патрэбна яшчэ каля 1 мільярда грошай. На іх разлічваюць у раёне ў 2011-ым.  Такім чынам, сумарна рамонт абыдзецца ў 2,5 мільярда рублёў. Сродкі, вядома, немалыя, але яны акупяцца — тым гожым будынкам, да якога прыйдзе “другая маладосць” і які будзе радаваць і цешыць вока і шумілінцаў, і самых шаноўных гасцей горада.
Мікалай МАРОЗ.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *