Духоўныя вытокі Ужляцінскай зямлі

Духоўнае Образование

Духоўныя вытокі Ужляцінскай зямлі
У Язвінскай школе другі год працуе секцыя па краязнаўству навуковага таварыства вучняў. Даследчая дзейнасць дапамагае школьнікам развівацца,  самастойна адкрываць старадаўнія тайны Шумілінскай зямлі. Мінулае вёскі Ужляціна і язвінскай зямлі зацікавіла Дзмітрыя Мельніка, Вадзіма Лося і Дзяніса Крошчанку. Яны зрабілі нялёгкую, але цікавую работу па вывучэнні архіўных дакументаў, інфармацыйных рэсурсаў інтэрнэта, публікацый у газеце “Герой працы”, успамінаў асобных людзей. Сабраны матэрыял дазволіў адкрыць некаторыя старонкі гісторыі маленькай радзімы.
Ужляціна – адзін са старэйшых населеных пунктаў Шуміліншчыны, які згадваецца ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя і звязаны са шляхецкім родам Буевічаў, якія мелі вотчыну ў Віцебскім павеце. Доказам з’яўляецца раздзельны акт Івана Іванавіча Буевіча, які дадзены ў 1539 годзе ягоным сынам на частку маёнтка Выжляцінскага.
Гісторыя Ужляціна цесна пераплятаецца з гісторыяй царквы, якая была тут таксама з XVI стагоддзя. Сведкам гэтага з’яўляецца выпіска №153 з Віленскіх трыбунальных кніг кліравай ведамасці пра некаторыя Віцебскія і Магілёўскія праваслаўныя цэрквы і манастыры, змешчаная ў агульным інвентары гарадоў Віцебска і Магілёва, складзеным у 1552 годзе. Выпіска датаваная 1619 годам дадзена архіепіскапу Іасафату Кунцэвічу (1580-1623) для даведак з выпадку абарачэння ім гэтых цэркваў у ўнію. У выпісцы згадваецца і Ужляціна.
У кнізе А. П. Сапунова “Витебская старына”, ч. 1 называецца сяло Выжляцін (1618 г.), у якім маецца царква, закладзеная ў дзень Святога Юр’я.
Пра існаванне выжляцінскай царквы гаворыць і завяшчанне Феадоры Перавальскай, народжанай Буевіч, у якім яна даручае мужу Івану Перавальскаму (продак вядомага рускага падарожніка Н. М. Пржавальскага – рэд.), пахаваць яе пры Буева-Выжляцінскай царкве, дзе пахаваны яе бацькі. Дакумент складзены ў 1713 годзе.
Яшчэ адзін дакумент, у якім згадваецца Ужляціна, датаваны 26 лютага 1716 года. У скарзе падсудка Віцебскага ваяводства Багдана Ераніма Герасімовіча і жонкі ягонай Кацярыны, народжанай Ракоўскай-Старасельскай, на полацкага ўніяцкага архіепіскапа Фларыяна Грабніцкага і на эканома царкоўных маёнткаў Карла-Антона Грабніцкага гаворыцца пра няправільнае ўварванне Грабніцкіх у пушчу Старасельскіх пад назвай Будавесто і вывад іхніх старасельскіх сялян з маёнтка Старое Сяло і вёскі Валокі ў архіепіскапскі маёнтак Ужляціна.
Пра выгляд ужляцінскіх храмаў з XVI стагоддзя, колькі разоў яны перабудоўваліся, як доўга існавалі невядома. Толькі ў кнізе М. А. Кулагіна “Праваслаўныя храмы Беларусі” даецца апісанне царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, пабудаванай у 1894 годзе на пагорку з правага боку ў бок возера Мурожніцкага.
На падставе “Памятных кніжак Віцебскай губерні” можна даведацца пра імёны святароў і царкоўных служыцеляў ужляцінскай царквы ў XIX- пачатку ХХ стагоддзя.
На долю святароў ужляцінскай царквы выпалі цяжкія пакуты і выпрабаванні. Апошні свята царквы М. В. Шараў быў арыштаваны 31 снежня 1929 г. і пастановай Тройкі АГПУ ад 13 красавіка 1930 г. быў асуджаны да зняволення ў лагер на 5 гадоў.
Асаблівае месца ў гісторыі Ужляці-на займае род Акола (Акаловічаў). Па сямейным паданні, якое расказаў У. А. Акаловіч, Акаловічы вядомы на Полацкай і Віцебскай зямлі з 1564 года і звязана гэта з трагічнымі падзеямі, якія закранулі жыхароў Полацка ў другой палове XVI стагоддзя. Продак Акаловічаў Фама Акола быў святаром Сафійскага сабора. У 1563 годзе горад асадзілі войскі рускага цара Івана IV. Пасля захопу горада палонных гараджан, сярод якіх быў і Фама Акола з жонкай і дзецьмі, у клетках павезлі ў Віцебск. Цар загадаў: “Папа Фаму ўтапіць у Дзвіне”.  Але на цяжкіх вазах да ракі дабрацца было немагчыма. Таму, калі ля дарогі заблішчэў лёд Муражніцкага возера, царскія слугі пацягнулі воз з клеткай на лёд. Коней адпрэглі і сякерамі пачалі высякаць палонку… Фаме ўдалося разламаць клетку і выцягнуць з вады малых дзяцей Міхаіла і Станіслава, жонка загінула ў возеры. Так Акаловічы засталіся ва Ужляціне.
Пэўную ролю ў далейшым лёсе дынастыі царкоўных служыцеляў адыграў уніяцкі архібіскуп Фларыян Грабніцкі. Падчас аб’езду царкоўных уладанняў, да якіх адносілася і Ужляціна, ён заўважыў дом Аколаў і доўга размаўляў з гаспадаром Якавам Міхайлавічам. Пасля размовы адзін з сыноў адправіўся з епіскапам у Полацк для вучобы. Нашчадкі Якава Аколы служылі ў царкве на працягу стагоддзяў. Сям’я Акаловічаў – патомныя царкоўныя  служыцелі. Царкоўнай справе прысвяцілі сябе Фама Якаўлевіч Акаловіч, ягоныя дзеці Мікалай, Іван, Фёдар, Міхаіл.
Асаблівае месца займае асоба Мікалая Фаміча Акаловіча (1863-1934), які Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы 3 лістапада 2007 года быў кананізаваны як Свяшчэннапакутнік Мікалай Віцебскі. Ён нарадзіўся 4 мая 1863 года ў вёсцы Ужляціна ў сям’і псаломшчыка мясцовай царквы. Закончыў духоўную семінарыю і Маскоўскую духоўную акадэмію. Служыў у Полацку, Варонежы. Апошнія гады свайго жыцця быў настаяцелем Свята-Ільінскай  царквы ў Віцебску, благачынным гарадскіх прыходаў. У 1931 годзе быў арыштаваны па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці і памёр у турме ў 1934 годзе. Месцы смерці і пахавання яго невядомы.
Яшчэ адзін свяшчэннапакутнік з роду Акаловічаў – Міхаіл Фёдаравіч (Фаміч?) Акаловіч (1888-1938) кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой ў 2003 годзе ў Зборы новапакутнікаў і спаведнікаў Расійскіх.
Звычайная ўжляцінская зямля. Нічым асаблівым яна не выдзяляецца. Але колькі цікавага захоўвае пра сябе…
В. ІВАНОВА, настаўніца Язвінскай д/с-БШ, навуковы кіраўнік доследнай работы.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *