Кому продать телёнка?

Актуалии Экономика

У гаспадара ёсць права выбару

Закуп маладняку ў насельніцтва з’яўляецца  адной з надзейных крыніц павелічэння пагалоўя ў сельгаспрадпрыемствах. Вядома, далёка не ўсе вясковыя гаспадары жадаюць здаваць цялят у сельгасарганізацыі, бо многія іх вырошчваюць для ўласных патрэб, іншыя прадаюць знаёмым.

Напрыклад,  сёлета ў аднаго вясковага гаспадара цяля купіла Обальская школа. Разлічыліся за тавар грашыма з пазабюджэтных сродкаў і мяркуюць пакрыць цёлку, каб у будучым школа мела малако для ўласных патрэб.
У раёне ёсць і такія гаспадары, якія прадаюць цялят індывідуальным прадпрымальнікам. Але ж далёка не ўсе згодныя ісці такім шляхам. Іншым вельмі важна, каб імі падгадаванае цялятка жыло, прыносіла прыплод. І такім людзям ідуць насустрач – упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання  рэкамендавала кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў прадоўжыць практыку кантрактацыі маладняку ў насельніцтва. І ў гэтым годзе ўжо заключана 45 такіх дагавораў.
Дагаворная закупачная цана за кілаграм жывой вагі маладняку (да 100 кг) складае 3 рублі. Згодна з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 10 ад 7 лютага 2018 года вызначаны надбаўкі, якія плаціць дзяржава за здадзенае цяля да ста кілаграмаў на вырошчванне – яны складаюць 40 капеек за адзін кілаграм жывой вагі.
Большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна гатовы закупіць маладняк у насельніцтва. Так, гэта работа распачата ўжо ў ААТ “Прыазёрны мір”. “Пакуль у гаспадарку здаў цяля толькі адзін вясковец, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Дзяцко. – Але мы гатовы прымаць цялят і яшчэ. Разлічвацца мяркуем як грашыма, так і сельгаспрадукцыяй – зернем, сенам, саломай”.
Актыўна заключалі сёлета дагаворы кантрактацый на тэрыторыі КУСГП “Ульскі”. “Нам гатовы здаць маладняк адзінаццаць гаспадароў з Шыліна, Грудзінава, Лявонава, Кардона і Макракоў, – расказала дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянціна Лабейка. – Але ёсць адна ўмова: мы закупляем толькі цёлак. З такім разлікам, каб іх потым гадаваць і папаўняць малочны статак. Вяскоўцы ведаюць пра гэта і прымаюць нашы ўмовы. Разлічваемся як грашыма, так і сельгаспрадукцыяй”.
Заканамерна ўзнікае пытанне: куды сельскім гаспадарам здаць бычкоў?  У раёне знайшлі выхад з гэтай сітуацыі. З нядаўняга часу з нашым раёнам супрацоўнічае філіял Полацкага камбіната хлебапрадуктаў “Гараны-Агра”. “Мы прыязджаем за цялятамі ў сельгаспрадпрыемствы Шуміліншчыны, а заадно забіраем маладняк у насельніцтва, як цёлачак, так і бычкоў, – расказаў намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі прадпрыемства Фёдар Рэўчанка. – Мы ўжо закупілі траіх цялят у шумілінскіх гаспадароў, гатовы прымаць і яшчэ ў неабмежаванай колькасці. Разлічваемся за цяля на працягу двух тыдняў. Каб здаць маладняк у нашу гаспадарку, трэба пакінуць заяўку дыспетчару, патэлефанаваўшы па нумары 8 0214 45 79 58”.
Як бачна, у вясковых гаспадароў раёна, якія трымаюць буйную рагатую жывёлу, ёсць права выбару, куды прадаваць цялят. Ну, а чалавек выбірае, як яму зручней і выгадней.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 13.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *