Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Пранікаючае раненне
У раённы аддзел унутраных спраў паступіла паведамленне з прыёмнага аддзялення райбальніцы: за медыцынскай дапамогай з пранікаючым раненнем брушной поласці звярнуўся жыхар райцэнтра. Як высветлілася, раненне мужчыну прычыніў яго знаёмы з Шуміліна, з якім напярэдадні распівалі спіртныя напіткі. Яму пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў  або пазбаўленне волі да 8 гадоў.
Падпаліў і ўцёк
Работнікі РАНС паведамілі ў міліцыю пра пажар у кватэры ў Амбросавічах. Як высветлілася, віноўнікам узгарання стаў сужыцель гаспадыні. Мужчына (інвалід другой групы па псіхічным захворванні) пасля распіцця спіртных напіткаў абліў адзін з пакояў бензінам, падпаліў, а сам уцёк. Гаспадыня ў гэты час спала. Агонь убачыла суседка і пачала біць трывогу. Жанчыну выратавалі – яна з тэрмічнымі апёкамі другой ступені  дастаўлена ў баль-ніцу.
Узбуджана крымінальная справа.  Максімальнае пакаранне, што пагражае падпальшчыку, – пазбаўленне волі да 10 гадоў.
Плуг і саха
Пацярпела жыхарка Гарадка: у яе дачным доме ў Падмішнеўі пабывалі злодзеі. Яны ўкралі адзенне і посуд на агульную суму 63 рублі. А яшчэ злодзеі вынеслі з гаспадарчай пабудовы і паклалі ля дарогі, каб потым вывезці, плуг, саху і металічную бочку. Гаспадыня, якая прыехала на дачу, не дала планам злодзеяў ажыццявіцца. Узбуджана крымінальная справа.
Газавы балон
Абрабавалі дом жыхара в. Альшанікі. Пакуль гаспадара не было дома, злодзей выставіў аконную раму, пранік у пакой і вынес адтуль газавы балон, радыёпрыёмнік, асабістыя рэчы пацярпелага. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку па гарачых слядах знайшлі злодзея, жыхара а.-г. Крывое Сяло. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
На “Жыгулях”
Супрацоўнікі ДАІ спынілі ў Ляжнях вадзіцеля, які ехаў на аўтамабілі ВАЗ, што належыць мясцоваму сельгаспрадпрыемству. На “Жыгулі” адсутнічалі дакументы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 3 БВ. Да адказнасці прыцягнута і службовая асоба ААТ “Ляжні”, якая выпусціла на лінію аўтамабіль без тэхагляду (штраф да 45 БВ).
Абгон
Жыхар раёна, які ехаў па вуліцы Сіпко на “Фальксвагене”, здзейсніў абгон на пешаходным пераходзе, што забаронена правіламі дарожнага руху. Складзены адміністрацыйны пратакол. Парушальніку пагражае штраф да 10 БВ з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі  або без пазбаўлення.
Наезд
На вуліцы Дубасарскага ў Шуміліне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар райцэнтра, які рухаўся заднім ходам на аўтамабілі “Нісан”, наехаў на “Хундай”, што стаяў на абочыне. Віноўнік з месца ДТЗ уцёк. Але яго асоба неўзабаве была ўстаноўлена. Мужчыну пагражае пазбаўленне правоў кіравання транспартнымі сродкамі на адзін год і штраф памерам у тры базавыя велічыні.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *