На президиуме Шумилинского райсовета депутатов обсудили подготовку к 9 мая

Актуалии Новости Президент

Галоўная тэма – 9 Мая
У панядзелак прайшло пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, удзел у рабоце якога прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў і дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Капшуль.
Пытанні, якія былі вынесены на абмеркаванне членаў прэзідыума, узаемазвязаны, бо непасрэдна тычацца грамадска-патрыятычнага выхавання. Сёлета мы будзем адзначаць 73-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і работа па падрыхтоўцы да святкавання гэтага дня вельмі актыўна вядзецца працоўнымі калектывамі ўстаноў і арганізацый, грамадскімі аб’яднаннямі раёна. Аб гэтым гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Разам з тым ёсць шэраг пытанняў, на якія трэба звярнуць увагу і якія неабходна вырашыць да 9 мая, у прыватнасці, выканаць значны аб’ём рамонтных работ на воінскіх пахаваннях і памятных месцах.
На тэрыторыі Шумілінскага раёна знаходзіцца 116 памятных месцаў баявой і воінскай славы, з іх 52 воінскія пахаванні і 3 месцы масавай гібелі мірнага насельніцтва ў часы вайны. Тут знайшлі спачын амаль 11 тысяч абаронцаў Айчыны. І мы ўсе разам павінны свята шанаваць гэтыя мясціны, адзначыла Ірына Мікалаеўна.
З інфармацыяй аб падрыхтоўцы да святкавання Дня Перамогі выступіла в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ю. С. Савасцьянава. На тэрыторыі раёна зараз пражывае 14 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 7 удзельнікаў вайны, 3 інваліды вайны, 3 асобы, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле, адзін жыхар блакаднага Ленінграда. Акрамя гэтага, жыве на Шуміліншчыне 41 вязень фашысцкіх канцлагераў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, 5 інвалідаў з дзяцінства, звязаныя з вайной. З дадзенай катэгорыяй грамадзян вырашаны пытанні сацыяльна-бытавога, медыцынскага абслугоўвання, праведзена абследаванне жыллёва-бытавых умоў.
Працягваецца работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых. Па словах Юліі Сяргееўны, на сённяшні дзень безыменнымі застаюцца 2245 чалавек з амаль 11 тысяч, знайшоўшых спачын на шумілінскай зямлі. Патрабуе актывізацыі работа з архіўнымі матэрыяламі банка дадзеных “Мемарыял”.
Як расказала дакладчык, Дзень Перамогі ў раёне пройдзе маштабна, з правядзеннем мітынгаў, тэатралізаваных канцэртаў, акцый, экскурсій, выстаў.
Вялікая роля ў падрыхтоўцы і правядзенні раённых мерапрыемстваў, у грамадзянска-патрыятычным выхаванні адведзена грамадскім аб’яднанням – ветэранскім, маладзёжным, саюза афіцэраў і маракоў, таварыства інвалідаў, прафсаюзам і інш.  Наогул намаганні гэтых арганізацый павінны быць сканцэнтраваны на вырашэнне актуальных праблем насельніцтва, прапаганду здаровага ладу жыцця, духоўных і маральных каштоўнасцяў, удзел у мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам і памятным датам. Аб гэтым ішла гаворка падчас абмеркавання другога пытання “Аб эфектыўнасці работы і ўзаемадзеянні грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый па грамадзянска-патрыятычным выхаванні”. З інфармацыяй выступіла Юлія Савасцьянава.
Адзначана, што ў раёне склалася ядро грамадскіх аб’яднанняў, чыя дзейнасць носіць канструктыўны характар, накіравана на супрацоўніцтва з мясцовай выканаўчай і распарадчай уладай, якія прымаюць актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, выхаванні ў насельніцтва базавых каштоўнасцяў беларускай дзяржаўнасці, устаноўлена эфектыўнае сацыяльнае партнёрства. У якасці станоўчага прыкладу варта прывесці работу таварыства інвалідаў, саюза афіцэраў, піянерскай арганізацыі.
Падчас абмеркавання адзначалася, што ў рабоце пэўных грамадскіх арганізацый маецца шэраг недалікаў і нявырашаных пытанняў. У прыватнасці, раённай арганізацыі ГА БРСМ неабходна разнастаіць формы і метады работы, працаваць над пашырэннем сваіх радоў, паляпшаць якасць праводзімых мерапрыемстваў, павышаць папулярнасць арганізацыі ў моладзі. Адным словам, праяўляць больш ініцыятывы.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №33 ад 27.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *