Народные и образцовые коллективы Шумилинского района с честью подтвердили свои звания

Актуалии Культура Новости

Гэта быў сапраўдны бенефіс творчасці

Бываюць дні і моманты, калі відовішчаў нам хочацца больш за хлеба. І ўвечары 16 мая ўсе, хто прыйшоў у дзіцячую школу мастацтваў, можна не сумнявацца, на хлеб забыліся наогул, як і на ўсе астатнія жыццёвыя праблемы і клопаты.
Гэта быў сапраўдны бенефіс творчасці шумілінскіх артыстаў, ён падарыў гледачам не толькі масу прыемных уражанняў, але і натхніў для перамог і здзяйсненняў. Так заўжды бывае, калі сутыкаешся з нечым сапраўдным, не фальшывым, шчырым і, не пабаюся гэтага слова, высокамастацкім.
У гэты дзень праходзіў канцэрт пад назвай “Званне пацвярджаю”. Гэта справаздачны канцэрт творчых калектываў раёна, якія маюць званні “народны”, і “ўзорны”.

Мерапрыемства ладзілася ў рамках абласнога агляду-конкурсу сярод усіх раёнаў вобласці. Ацэнку ўзроўню нашых калектываў давала прадстаўнічае журы, у склад якога ўваходзілі спецыялісты абласных службаў у розных накірунках творчасці. Забягаючы наперад, хочацца адзначыць, што ўсе нашы калектывы, якія мы добра ведаем, пастаянна бачым на сцэне, любім і цэнім, свае ганаровыя званні пацвердзілі.
Гэты канцэрт быў каштоўны яшчэ і тым, што, амаль усе нумары, прадстаўленыя на ім, раней нам бачыць і чуць не даводзілася. Кранула монакампазіцыя “Сустрэча” народнай літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, пастаўленая па творах мясцовага пісьменніка Віктара Улюценкі. Дарэчы, у спектаклі паўдзельнічаў і сам аўтар. Як заўжды, уражваючым было выступленне барабаншчыц пад акампанемент духавога аркестра. Магутнасцю, маштабам і выдатным выкананнем парадавалі дзіцячыя баянны і духавы аркестры. Шчодрыя апладысменты і кветкі ад гледачоў атрымалі калектывы раённага цэнтра культуры. І наогул, усе, хто выйшаў на сцэну ў гэты дзень, выступілі годна – усе больш за 20 калектываў.  Гучным фінішам бенефісу творчасці шумілінскіх артыстаў стала выступленне рок-гурту “Эксперымент-12”.
Свята паказала, што глядач чакае ад мясцовых артыстаў новых ідэй і адкрыццяў і заўжды гатовы аддзячыць за гэта прызнаннем, апладысментамі і гучным “брава”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *