Ученики Шумилинской СШ №1 побывали на экскурсии в Следственном комитете

Образование Общество

Што ёсць у чамадане эксперта?

Нядаўна вучні Шумілінскай СШ №1 пабывалі на экскурсіі ў раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. “Спачатку планавалася, што на экскурсію пойдуць толькі сябры падлеткавага клуба “Імпульс”, – расказвае сацыяльны педагог школы і кіраўнік падлеткавага клуба “Імпульс” Святлана Бельчыкава. – Але чуткі пра Следчы камітэт хутка разнесліся па школе, і многія вучні самі пачалі прасіцца на экскурсію”.
Экскурсаводам выступіла старшы следчы райаддзела Ірына Шэнцава, якая правяла  аглядавую экскурсію па аддзеле, дзеці  пабывалі ў архіве і пакоі, дзе захоўваюцца рэчыўныя доказы злачынстваў.
Шмат новага і цікавага вучні даведаліся падчас гутаркі са старшым следчым. Як вядзецца расследаванне крымінальнай справы? Як устанаўліваецца асоба злачынцы? На гэтыя і многія іншыя пытанні школьнікі атрымалі грунтоўныя адказы. “Адзін неабдуманы ўчынак можа зламаць ваш лёс, – падкрэслівала старшы следчы. – Паверце, кожнае злачынства будзе раскрыта. Сёння ў следчых дастаткова сродкаў, каб прыйсці да ісціны”. Узгадала Ірына Шэнцава і пра крымінальныя справы, дзе галоўнымі фігурантамі былі падлеткі.
Асаблівая ўвага – інтэрнэту. Не сакрэт, што сёння літаральна кожны падлетак “сядзіць” у сацыяльных сетках. І адзін нават выпадковы лайк ці рэпост можа стаць падставай для крымінальнай справы. “Асабліва гэта тычыцца розных гіфак, відэа, фотаздымкаў “пікантнага” характару, –  адзначае Ірына Шэнцава. – За распаўсюджванне такіх матэрыялаў можна атрымаць да чатырох гадоў пазбаўлення волі. А крымінальная адказнасць, як вы ведаеце, наступае з 14 год”.
Асаблівую цікаўнасць выклікаў у вучняў чамадан эксперта-крыміналіста. Тым больш, што Ірына Шэнцава прадэманстравала магчымасці чамадана і паказала, як знаходзяць сляды злачынства, так званыя «пальчыкі».
Напрыканцы сустрэчы  Ірына Шэнцава выказала спадзяванне, што кожны з сённяшніх экскурсантаў будзе задумвацца пра свае ўчынкі і ніколі не трапіць сюды ў ролі абвінавачваемых ці падазраваемых.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *