Вопросы безопасности главенствовали на Дне профилактики в Ловжанском сельсовете

Безопасность Общество Президент

Бруд у доме.
І бруд у душы

Як жыць бяспечна, асабліва летам, і ў першую чаргу – дзецям, гаварылі падчас правядзення на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета дня прафілактыкі.

Група ў складзе ўсіх суб’ектаў прафілактыкі правяла сустрэчы ў калектывах жывёлагадоўчага комплексу і Мікіціхінскага лясніцтва. У сельсавеце прайшоў савет грамадскага пункта аховы правапарадку, куды для прафілактычных гутарак былі запрошаны людзі, лад жыцця якіх выклікае насцярожанасць, як у педагогаў, так і ў прадстаўнікоў міліцыі і пажарнай службы.
“Самыя цяжкія злачынствы здзяйсняюцца жанчынамі, – з гэтага палічыў неабходным пачаць сваё выступленне начальнік міліцыі Алег Калеснікаў, звяртаючыся да жаночай аўдыторыі комплексу. –  З 75-ці чалавек, якія парушаюць патрабаванні Дэкрэта №18 у нашым раёне, 90%,  зноў жа, – жанчыны,  нават у ізалятары часовага ўтрымання 80% кантынгенту складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва”, – працягнуў гендарную статыстыку праваахоўнік. Зразумела, што гэтыя непрыемныя факты і лічбы звязаны ў першую чаргу з тым, што ўсё больш жанчын не адмаўляюць сабе ў чарцы. Гэты факт пацвердзіла і нарколаг райбальніцы Таццяна Кузняцова. Яна заўважыла, што дзверы кабінета №26 заўжды адчынены для кожнага, хто хоча паставіць кропку ў сваім разгульным жыцці: “Звяртайцеся, не чакайце пакуль у вас адбяруць дзяцей. Гэта не сорамна. Калі чалавек п’е, гэта ў любым выпадку ведаюць усе вакол”.
Прывесці свае дамы ў пажарабяспечны стан заклікаў  начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. Для пераканаўчасці ён прывёў статыстыку па пажарах у нашым раёне, якая канстатуе, што за гэты год адбылося 14 пажараў, у якіх загінулі два чалавекі. Зноў жа гучала тэма спіртнога.
Быць нераўнадушнымі да сваіх і чужых дзяцей прасіла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, выступаючы ў калектывах. Яна прызнала, што летам дзеці даволі часта прадастаўлены самі сабе, і бацькам застаецца толькі здагадвацца, чым яны займаюцца. Можа, па вадзе ў кругасветнае плаванне збіраюцца, можа, эксперыментуюць з запалкамі, а можа, на закінутай будоўлі правяраюць свае сілы і магчымасці. У такой сітуацыі выратаваць жыццё дзіцяці можа любы дарослы, які стане выпадковым сведкам такіх заняткаў. І прыклады, калі гінулі дзеці, міма небяспечных забаў якіх дарослыя проста прайшлі, ёсць і ў нашым раёне.
Лейтматывам савета грамадскага пункта аховы правапарадку стаў парадак у самым прамым сэнсе гэтага слова. Людзям тлумачылі, што тыя завалы, бруд, смецце ў іх дамах – гэта не проста неэстэтычна, а небяспечна для жыцця і здароўя. У такіх умовах, па-першае, нельга гадаваць дзяцей, па-другое, такая абстаноўка можа справакаваць пажар. Як правіла, падобнага ўзроўню безгаспадарчасць дэманструюць найперш людзі, залежныя ад алкаголю. Многія ў гэты дзень пачулі апошняе папярэджанне ад начальніка РАУС наконт адпраўкі ў ЛПП.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *