Обмолотить огород самим или передать зерновые в севооборот? Что выгоднее?

Актуалии Сельское хозяйство

Не ведалі ўжо каму і дзякаваць…
Пачну з таго, што прыемна здзівіла і ўразіла: недзе на пачатку жніўня два ці тры разы прыязджаў камбайн райаграсэрвісу ў вёску Баёўка Светласельскага сельсавета і сігналіў, шукаючы тых гаспадароў, каму трэба абмалаціць на-дзел са збожжавымі. Таму і скаргаў няма ад людзей: у пару і без праблем.
А цяпер пра той званок, які прыняў ад жанчыны паважнага веку з вёскі Мосарава Сіроцінскага сельсавета 18 жніўня на схіле рабочага дня. Назваць сваё імя яна не захацела, затое паскардзілася: “Ячмянёк урос у траву, а калі ж змалоцяць яго? Маглі б во сёння — стаіць на пагодзе. А што калі зноў пойдзе дождж?..”.
Тэлефаную старэйшыне вёскі М. С. Старавойтаву. Міхаіл Сямёнавіч не хавае абурэння: тупаю, маўляў, каля тых начальнікаў  з гаспадаркі каторы дзень, а яны разводзяць рукамі, усё абяцаюць. Вось і дырэктар сказала, што прыедзе камбайн у вёску ў суботу 13 жніўня або на наступны дзень. У суботу было дажджліва, не прыехаў камбайн і ў нядзелю…
А чаму ж, пытаюся, вы і самі не захацелі перавесці свае зерневыя ў севазварот гаспадаркі, і вяскоўцаў не агітавалі.
— Дорага яно абыдзецца, тое збожжа, — патлумачыў старэйшына. — Вось сотку абмалаціць каштуе 3 тысячы, за 20 сотак заплачу 60 тысяч. Няхай паважуся, каб прасушыць… Але ж не 200 тысяч, якія заплачу, калі прывязуць гатовага кілаграмаў 500. Летась бралі за кілаграм па 300 рублёў. Сёлета менш не будзе…
Між іншым, у магазіне “Гародніна-садавіна” ў Шуміліне ячмень прадаецца па 660 рублёў, і бяруць людзі, бо гатовы — не трэба ва-зіцца з ім, прасушваць…
Напрыканцы нашай размовы М. С. Старавойтаў раптам пытаецца: “Скажыце, а ці можна зрабіць так, каб маё збожжа забралі ў гаспадарку на прасушку, а пасля вярнулі? Няхай нават з вялікай скідкай…”.
Чым не агітацыя за тое, каб мець на падворку гатовае збожжа? Праўда, як тады быць з той “арыфметыкай”, якую мае на ўвазе старэйшына вёскі Мосарава, бо і пры ўмове дасушкі “свайго” збожжа яно абы-дзецца больш танна? Бо пенсіянер, і не адзін ён, сёння лічыць у літаральным сэнсе кожную капейку.
P.S. У мінулую пятніцу, на наступны ж дзень пасля нашай размовы, у вёску Мосарава прыехалі ажно два камбайны. Усцешаныя такім паваротам справы, вяскоўцы не ведалі ўжо каму і дзякаваць. На радасцях у сям’і М. С. Старавойтава забыліся спытацца і  пра дасушку збожжа на сушылцы гаспадаркі, бо на выхадныя меліся прыехаць дзеці, каб дапамагчы спарадкаваць дабро.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *