III областная спартакиада госслужащих прошла в Шумилинском районе

Актуалии Спорт, туризм

Камандзе  трэба  цягнуцца  за  лідарам
У мінулыя выхадныя, 3 і 4 чэрвеня, аздараўленчы цэнтр “Дружба” РУП “Віцебскаблгаз” прымаў III абласную спартакіяду работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання. Цудоўныя маляўнічыя краявіды, узорная тэрыторыя і моцная спартыўная база аздараўленчага цэнтра былі падставай даверыць ДАЦ “Дружба”  права прымаць абласныя спаборніцтвы. 27 каманд адміністрацый гарадоў і раёнаў вобласці, аблвыканкама з’ехаліся з усёй Віцебшчыны на абласныя спаборніцтвы.
Ва ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў прымалі ўдзел старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, генеральны дырэктар ВРУП “Віцебскаблгаз” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шэршань, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін. Адкрываючы спартакіяду, Мікалай Шарснёў адзначыў значэнне спорту ў жыцці кожнага чалавека, значэнне спаборніцтваў у справе гуртавання калектыву, падкрэсліў відавочны рост узроўню спартакіяды і вынікаў на ёй. Кіраўніцтва вобласці будзе падтрымліваць развіццё фізкультуры і спорту праз адкрыццё невялікіх спартыўных залаў для заняткаў фітнесам, адкрыццё вулічных пляцовак для заняткаў воркаўтам, каб як мага больш людзей мелі магчымасць для ўласнага фізічнага развіцця.
Ганаровае права запаліць агонь спартакіяды было даверана легендарнаму барцу сярэбранаму прызёру Алімпійскіх ульняў Ігару Каныгіну. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пачаліся спаборніцтвы. Атмасфера азарту, спартыўнай барацьбы, сяброўскай падтрымкі ахапіла і тых, хто змагаўся за перамогу, і тых, хто пакуль быў свабодны і падтрымліваў членаў сваёй каманды ў якасці заўзятараў. Тэнісны корт, стралковы цір, баскетбольная пляцоўка, валейбольнае поле, зала для настольнага тэнісу, штанга і гіра – паўсюдна закіпела барацьба. Нават у пакоі, дзе змагаліся аматары шашак у паветры вітала спартыўнае напружанне.
Дарэчы, Мікалай Шарснёў свае словы падмацаваў рэкордным выступленнем у жыме штангі лежачы (вынік – 170 кг) і ў штурханні гіры (53 разы за адну хвіліну).
З перамогі над верхнядзвінскімі валейбалістамі пачала серыю гульняў каманда Шумілінскага раёна па паркавым валейболе. І гэты першая перамога стала добрым знакам для шумілінскіх валейбалістаў.  У барацьбе за трэцяе месца ў фінале наша каманда вырвала перамогу ў каманды аблвыканкама.Сапраўдным лідарам каманды быў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, які прымаў удзел адразу ў некалькіх відах спорту. Толькі закончылася валейбольная гульня, як ён спяшаўся да тэніснага стала, а потым адразу ішоў на тэнісны корт, дзе праходзілі спаборніцтвы па бадмінтоне, а потым зноў на валейбольную пляцоўку. Заняўшы першае месца ў настольным тэнісе і другое месца ў бадмінтоне, Аляксандр Снараў прынёс шумілінскай камандзе большасць заліковых балаў.
Пераможцай спартакіяды стала каманда аблвыканкама, другое месца ў каманды Бешанковіцкага райвыканкама, трэцяе – у каманды Наваполацкага гарвыканкама. Агульны вынік шумілінскай каманды – чатырнаццатае месца.
Спартакіяда прайшла на высокім узроўні. Гасцям была прапанавана вялікая культурна-забаўляльная праграма. У суботу вечарам на возеры Будавесць з паказальнай праграмай выступілі выхаванцы спартыўнай школы па водналыжным спорце з Наваполацка. А шумілінскія і віцебскія выратавальнікі прадэманстравалі некалькі спосабаў выратавання чалавека на вадзе. Гэтыя выступленні былі горача падтрыманы ўсімі удзельнікамі спартыўнага фэсту.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *