Олимпийские надежды Шумилинщины

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

І перамагчы на рэспубліцы

Арцём Масько. 14 год. Рост 1,82 м. Адзін з лідараў шумілінскай валейбольнай каманды ДзЮСШ, асноўны ігрок валейбольнай зборнай вобласці. Апошнія дасягненні: у складзе шумілінскай каманды перамог у першынстве Беларусі ў Дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе, з камандай Віцебскай вобласці стаў сярэбраным прызёрам рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па валейболе.

На валейбольнай пляцоўцы Арцёма Масько выдзяляе ўпэўненасць, мэтанакіраванасць і сапраўдная спартыўная злосць. Ён гатовы змагацца да апошняга ачка, прычым, гатовы не толькі сам біцца, а і завесці каманду. Арцём – лідар па натуры, сам максімаліст на пляцоўцы.

Валейбольныя спецыялісты адзначаюць талент шумілінскага валейбаліста, яго прафесіяналізм, добрую тэарэтычную, практычную і фізічную падрыхтоўку. Хлопец займаецца валейболам гадоў шэсць. Пайшоў у секцыю за кампанію з аднакласнікамі. “Чалавек восем запісалася на валейбол, — успамінае Арцём, — але з іх застаўся я адзін. Хто ў футбол пайшоў, а нехта і зусім пра спорт забыўся…” А Арцём упарта трэніраваўся, як сам прызнаецца, проста палюбіў валейбол…

З юным валейбалістам лёгка працаваць і трэнеру А. Я. Завадскаму, які ўбачыў у хлопца не толькі прыродны талент, а і вялікае жаданне гуляць і, што самае галоўнае, прафесійна расці. “Арцём – думаючы ігрок, — расказвае Анатоль Яўгенавіч, — дакладна выконвае трэнерскія ўстаноўкі”. Зразумела, што не заўсёды ўсё атрымліваецца ў валейбаліста, але Арцёму дастаткова разабраць сітуацыю з трэнерам, каб у наступнай гульні не нарабіць такіх памылак.

Трэнер Завадскі ўбачыў перспектыўнасць свайго выхаванца, не пабаяўся уключаць яго ў каманду старэйшых, бо разумеў, што толькі так можна вырасціць сапраўднага валейбаліста. І вынік не прымусіў доўга чакаць сябе: Арцём і яго сябар Пётр Лазука яўныя лідары каманды. Гады два хлопцы абараняюць і гонар нашай вобласці на рэспубліканскіх турнірах. Прычым, Арцём і Пётр – ігракі асновы, а сёлета ва ўвесь голас заявілі пра сябе і як лідары зборнай вобласці.

Валейбол для Арцёма даўно стаў любімай справай, а што будзе далей – хлопец не загадвае. “Хочацца выйграць першынство Беларусі”, — толькі адно жаданне выказаў валейбаліст. А далей магчыма ўсё: і трапіць ў зборную, і ў прафесійны клуб… Як кажуць, пажывем – пабачым…

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў № 53 ад 15.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *