Аб працоўнай дысцыпліне, ахове працы і прафілактыцы правапарушэнняў

Актуалии Президент

Аб працоўнай дысцыпліне, ахове працы і прафілактыцы правапарушэнняў

Пытанні працоўнай дысцыпліны, аховы працы і выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 11 сакавіка 2004 года “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, а таксама работа па прафілактыцы правапарушэнняў супраць жыцця і здароўя грамадзян, у сферы сямейна-бытавых адносін і супраць пажылых грамадзян былі разгледжаны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося 15 чэрвеня.
У выступленні па першым пытанні галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Павел Загадскі адзначаў, што райвыканкамам, службамі нагляду, наймальнікамі сумесна з прафсаюзамі праводзіцца пастаянная работа па зніжэнні вытворчага траўматызму, маніторынг захавання патрабаванняў па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліне. Каардынацыяй дзейнасці ў гэтай сферы займаецца камісія па ахове працы райвыканкама. У мінулым годзе ў раёне адбыўся 1 няшчасны выпадак са смяротным зыходам (у “Лаўжанскім”), за прайшоўшы перыяд 2018 года вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна не зафіксавана.
З мэтай папярэджання парушэнняў у раёне створана мабільная група, якая за 5 месяцаў бягучага года абследавала 24 арганізацыі, выявіла 332 парушэнні, з якіх 145 ліквідаваны.
У якасці праблемных напрамкаў дзейнасці ў сферы аховы працы дакладчык назваў несвоечасовую атэстацыю працоўных месцаў у шэрагу арганізацый, адсутнасць кантролю на алкаголь пры выпуску транспарту і на працягу працоўнага дня, адсутнасць допускаў пры рабоце з электраабсталяваннем і іншае.
У ходзе абмеркавання пытання намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў звярнуў увагу кіраўнікоў сельгасарганізацый, у якіх маюцца зернесушылкі на газавым паліве, на неабходнасць абучэння аператараў, якія будуць на іх працаваць.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў запатрабаваў ад асобных кіраўнікоў справаздачы па заўвагах, і, падсумоўваючы вынікі абмеркавання, адзначыў, што Дырэктыва №1 ускладае на кіраўнікоў арганізацый персанальную адказнасць за дысцыпліну і кантроль за аховай працы.
З аналізам работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў за студзень-май 2018 года выступіў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Алег Калеснікаў. Ён расказаў пра комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіліся з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў, узмацнення кантролю за асобамі, якія стаяць на розных уліках,  за сем’ямі ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Пастаянна праводзіліся выступленні ў працоўных калектывах, установах адукацыі, арганізоўваліся выязныя судовыя пасяджэнні. За пяць месяцаў 2018 года ў раёне зарэгістравана 80 злачынстваў (у 2017 – 88). Асобамі, раней судзімымі, здзейснены 26 злачынстваў. У якасці прычын рэцыдыўнай злачыннасці Алег Юр’евіч назваў незанятасць асоб, якія маюць судзімасць, працоўнай і іншай карыснай дзейнасцю, іх нізкі матэрыяльны дабрабыт, алкагалізацыю, слабую сістэму іх рэсацыялізацыі.
Яшчэ адна катэгорыя, якая патрабуе ўвагі, – “бытавікі” і асобы з асацыяльнымі паводзінамі. У адносінах да іх за 5 месяцаў бягучага года праведзена пэўная работа: 11 асоб пастаўлена на ўлік да нарколага, праведзена 26 медыцынскіх камісій для іх ізаляцыі ў лячэбна-працоўны прафілакторый, 8 асоб накіраваны ў ЛПП. Узбуджаны 2 крымінальныя справы прэвентыўнага характару, за дробнае хуліганства прыцягнута да адказнасці 99 асоб, з іх 49 – у сферы сямейна-бытавых адносін, у адносінах да 8 сямейных скандалістаў вынесены ахоўныя прадпісанні.
Дакладчык адзначыў, што з боку ўсіх суб’ектаў прафілактыкі і грамадскасці павінна весціся барацьба з п’янствам, паспрыяе паляпшэнню крымінагеннай сітуацыі і развіццё сістэмы відэаназірання на вуліцах райцэнтра і на асобных аб’ектах.
Кіраўнік РАУС адзначыў як прыярытэтны накірунак дзейнасці міліцыі папярэджанне правапарушэнняў супраць пажылых грамадзян. У 2018 годзе супраць пажылых грамадзян выяўлена 9 злачынстваў (2017 год – 12). Супрацоўнікі міліцыі рэгулярна наведваюць гэтую катэгорыю насельніцтва па месцы жыхарства, вядуць работу з паштальёнамі, сацыяльнымі работнікамі, старэйшынамі населеных пунктаў, каб яны інфармавалі ўчастковых інспектараў пры выяўленні негатыўных фактаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу на неабходнасць узмацнення работы супраць правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін. Людзі часта хаваюць факты сямейнага насілля, іншых правапарушэнняў, і прафілактычная работа ў гэтым накірунку вельмі неабходна.
У прынятым рашэнні змешчаны шэраг канкрэтных дзеянняў для ўзмацнення прафілактычнай работы па дадзеным накірунку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №47 ад 19.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *