День профилактики в Добейском сельсовете

Общество Президент

Не пакідаць і мужчын па-за ўвагай

Абавязковым этапам дня работы з насельніцтвам у кожным сельсавеце становіцца дзень прафілактыкі. Прадстаўнікі мясцовай улады, міліцыі, пракуратуры, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сацыяльных і медыцынскіх службаў праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах. Асаблівая ўвага звяртаецца на асоб, якія парушаюць грамадскі парадак, злоўжываюць алкаголем, на нядбайных бацькоў. Не стаў выключэннем і Дабейскі сельсавет.
З раніцы група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай правяла сустрэчы на мехдварах сельскагаспадарчых прадпрыемстваў “Прыазёрны мір” і “Ляжні”, наведала прыватнае прадпрыемства “МВ-17”. Пры размове з працаўнікамі названых прадпрыемстваў ім нагадалі правілы пажарнай бяспекі на працоўных месцах, у дамах і падчас наведвання лясоў, расказалі пра асабістую і маёмасную бяспеку, пра адказнасць за крадзяжы паліва і сельскагаспадарчай прадукцыі, за знаходжанне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе. Увага кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў была акцэнтавана на выкананне патрабаванняў працоўнай дысцыпліны і адказнасць за гэтыя парушэнні.
У другой палове дня прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Дабейскага сельвыканкама, якое правёў старшыня сельсавета Аляксандр Аляксеенка. У рабоце савета бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, пракурор раёна Сяргей Зайцаў, начальнік РАНС Андрэй Сасновіч, урач-нарколаг ЦРБ Таццяна Кузняцова.
Сумна адзначаць, што сярод запрошаных на пасяджэнне пераважалі жанчыны, шматдзетныя маці: нехта рэгулярна трапляецца на вочы ў п’яным выглядзе ці прагульвае работу, нехта пакідае малых дзяцей без нагляду, нехта ніяк не можа навесці ў доме парадак.
З кожнай жанчынай была складзена прынцыповая размова, былі прапанаваны меры па выпраўленні сітуацыі, устаноўлены тэрміны выканання. Напэўна, не зусім правільна, што па-за ўвагай засталіся мужчыны – мужы, сужыцелі, бацькі дзяцей. Бо часам было бачна, што сям’я з’яўляецца заложнікамі ў так званых “гаспадароў”, якія любяць прыкласціся да чаркі, пакідаюць жанчын сам-насам з праблемамі, не прыносяць у сям’ю грошы. Савету грамадскага пункта аховы правапарадку было прапанавана звярнуцца да праблемы яшчэ раз, але ўжо з запрашэннем мужчынскай паловы.
Відавочна, што далёка не ўсе, з кім была складзена размова на савеце, возьмуцца за розум. Але калі хаця б хтосьці з іх задумаецца пра свае паводзіны, пра лёс дзяцей, свой лёс, і хаця б крыху выправіць сямейную лодку, якая пахіснулася і можа пайсці на дно, то ўжо не дарэмна было гэтае пасяджэнне. І дзеці застануцца ў сям’і, бо як бы ні было добра ў прытулку ці дзіцячым доме, амаль заўжды самай запаветнай марай выхаванцаў гэтых устаноў застаецца “вярнуцца дамоў”. А залежыць гэта толькі ад бацькоў.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №49 ад 26.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *