Как прошла смена в школьном лагере «Дружба»

Безопасность Образование

Бяспечнае лета у лагеры.
Лета – час дзеяння, проб і праверкі сваіх сіл, час асваення і асэнсавання навакольнага міру. Таму галоўнай задачай выхавальнікаў аздараўленчага лагера “Дружба”, што дзейнічаў у сярэдняй школе №1 г.п.Шуміліна, стала стварэнне ўмоў для эмацыянальнага адпачынку дзяцей, аднаўлення іх здароўя, творчай самарэалізацыі і з набыццём вопыту бяспечных паводзін у вольны час.
Арганізаваць, прадугледзеўшы кожную дробязь, цікавы, каларытны, запамінальны адпачынак для дзяцей розных узростаў было няпроста. Зрабіць адпачынак школьнікаў актыўным, насычаным падзеямі вельмі стараліся выхавальнікі лагера. Але ў ініцыятыўнага дырэктара Наталлі Філіпавай, вопытных і адказных педагогаў ўсё атрымалася.
Лагер дзейнічаў з 8 па 28 чэрвеня. Штодзень 75 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 9 гадоў прымалі ўдзел у пазнавальных гульнях, віктарынах, конкурсах, творчых майстэрнях, фестывалях. Было арганізавана трохразовае харчаванне, а вопытныя повары школы пастараліся, каб кожная страва была смачнай і каларыйнай.
Прыемнай для дзяцей у гэтым годзе стала магчымасць кожны дзень наведваць басейн. Многія спрабавалі навучыцца плаваць пад кіраўніцтвам інструктара. Дзеці таксама сустракаліся з работнікамі раённай бібліятэкі, хадзілі на дыскатэку.
Добрай традыцыяй стала арганізацыя ўзаемадзеяння школьнага лагера з раённымі структурамі МНС, ДАІ, АВВОД, ваенным камісарыятам, Дэпартаментам аховы, аддзелам культуры райвыканкама. Так, падчас выратавальнай гульні, спецыялісты РАНС праводзілі гутарку з дзецьмі на тэму бяспечных паводзін на канікулах, чым могуць скончыцца свавольствы з агнём, вучылі, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Напрыканцы ўручылі пазнавальныя буклеты і плакаты з раскладам заняткаў.
З правіламі бяспечных паводзін на вадаёмах у розны час года знаёміў старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах А.С. Шарафутдзінаў, падтрымаўшы свой аповед дэманстрацыяй відэаролікаў па тэме. Пасля сустрэчы лагер адправіўся на выратавальны пост, што знаходзіцца на Шумілінскім возеры. Дзеці прымералі выратавальныя камізэлькі, убачылі прыёмы па аказанні першай дапамогі пацярпеламу.
Асабліва зацікавіла дзяцей размова з начальнікам энергаінспекцыі Я.М. Лебедзевым. Вельмі спадабаўся мультфільм пра тое, як трэба правільна эканоміць электраэнергію. А ў канцы сустрэчы дзеці атрымалі буклеты па гэтай тэме.
Супрацоўнікі ДАІ, пасля праведзенай гутаркі аб правілах бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, растлумачылі і наглядна паказалі ўсе цікавасці міліцэйскай машыны.
Цікавай для дзяцей аказалася сустрэча ў рамках Дня Памяці з намеснікам ваеннага камісара Шумілінскага ваеннага камісарыята І.В. Аляксеевым. Спачатку гэта было спартыўнае спаборніцтва сярод атрадаў “Разумны баец – заўседы малайчына”, дзе трэба было справіцца з перашкодамі, перамагчы у сілавых практыкаваннях, ведаць армейскі набор, вайсковыя званні, праявіць сваю хуткасць і трапнасць. Працягам стала наведванне краязнаўчага музея. На пазнавальнай гульні “Волаты зямлі Шумілінскай” дзеці пазнаёміліся з самымі вялікімі, моцнымі людзьмі Шумілінскага краю і паўдзельнічалі ў эстафеце «Волатаўская спаборніцтвы».
Супрацоўнікі Шумілінскага аддзялення Дэпартамента Аховы пазнаёмілі дзяцей з службовым сабакам Соняй. Яна, выконваючы загады кінолага, пераскоквала праз бар’еры, брала след, гуляла з дзецьмі.
Кожны дзень лагера “Дружба” быў насычаны незвычайнымі сустрэчамі, новымі знаёмствамі, яркімі адкрыццямі, што дапамагло зрабіць змену не толькі цікавай, але і карыснай. Сумесная праца школы з раённымі структурамі дапамагла зрабіць адпачынак дзяцей у летні час аздараўляльным, насычаным, пазнавальным і, галоўнае, бяспечным.
Дні адпачынку заўсёды пралятаюць вельмі хутка, але калі яны зараджаюць настроем, яшчэ доўга ўспамінаецца кожны момант. А калі нешта і забудзецца, дык напомняць фотаздымкі, якія засталіся на памяць у кожнага.

Вольга КОЦІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *