Шакаладнае масла для імянінніцы

Духоўнае Культура

Шакаладнае масла для імянінніцы

Гісторыя гэта вынырнула з памяці, нібы з віру падхоплены куст хмызняку. Згадаў 80-ыя, успомніў сваё настаўніцтва, тых, каго вучыў, у каго вучыўся сам. Не сказаць, каб былі ў мяне любімчыкі, але Святлану ў восьмым класе вылучаў. Не, я не ставіў ёй авансам пяцёркі, не дазваляў нічога такога, што забаранялася іншым вучням. Яна была шчырая ва ўсім і таварыская.

Маці яе піла, і піла да пасінення. Бацька піў менш, але калі вып’е, быў дурань дурнем. З ім і цвярозым не ведалі, пра што гаварыць, а да п’янага наогул не лезлі. У рабоце ўпарты і сярдзіты, як вол, высокі, дзябёлы, моцны ў руках, ён, здавалася, пазычыў у мядзведзя і сілы-дужасці, і той жа ўпартасці.
Ды па натуры быў шчырым чалавекам. Прынамсі, не скупым. Папросіш–  заўсёды дасць, як кажуць, апошнюю кашулю з сябе зніме. І жонка, таксама ўвішная ў працы, жвавая, гаманкая, шчодрая на частаванні. Але ці то праз язычок свой, а часцей за ўсё таму, што ў гарэлцы меры не ведала, нярэдка бачылі яе з сінякамі, з пакутамі на твары ад выцятых рэбраў.
Калі споўнілася Святлане пятнаццаць (яна закончыла восем класаў і паспела ўжо выдатна здаць экзамены ў Полацкае педвучылішча), бацькі наладзілі ёй шыкоўнае частаванне. Фішкай, як зараз кажуць, на стале мелася быць шакаладнае масла. Гэта быў ласунак, якога дзятва чакала, як другога божага прышэсця. Апошнія ці не пяць гадоў Ядзя ў жніўні прасіла сабе на ферме адгул, садзілася ў запылены прыгарадны аўтобус, а там з Бягомля ляцела ў Мінск. Тады масла шакаладнае прадавалі на вагу, і прывозіла гаспадыня цэлы кусман спакусліва-бурай смакаты. Сын Валодзя, якому не было і дванаццаці, адразу ж спрабаваў разгавецца, скрасці які скрылёк гэтага дзівоснага экзоту, але маці бязлітасна спыняла такі  замах.
Запрашала Света дзяцей з Навасёлак. Не ўсіх, вядома, а тых толькі, хто падбіраўся пад яе равеснікаў. Бацькі са свайго боку назапрашалі ўсіх, з кім вадзіліся або каму былі раднёй.
Святлана сядзела за сталом, яе твар свяціўся, як велікоднае яйка. Яе маладое цела прыемна аблягала  блакітная сукеначка ў белы гарошак, якую яна вельмі любіла.
Дзятва чакала нарэзкі масла, якое стаяла ў місе пасярод стала. Нарэшце Мар’ян узяўся наразаць. Дзеці пільна сачылі за яго рукамі, глытаючы слінькі. Кожнаму клалася на белы скрыль хлеба тоўстая палоска масла, і кожны, нібыта каб не аднялі, падсоўваў свой бутэрброд бліжэй да сябе. Падаваўся чай і – тады ўсё і пачыналася!.. Дзяўчаткі сарамліва, а хлапчукі заядла-бессаромна ўядаліся ў   бутэрброды, давіліся імі, тыкаючы адзін на аднаго пальцамі: многія паходзілі на размаляваных цыркавых клоўнаў. З дзіцячага краю стала толькі і чулася:”Хі-хі!.. Ха-ха!..”
З другога краю, у дарослых, падзеі разгортваліся па іншаму сцэнарыю. Тут сваю нялюдскую справу рабіла гарэлачка, купленая ў краме, і сівуха, якую гнаў Мар’ян з нагоды. Яе глыкалі так, што пасля пятай чарачкі пачалася не толькі гамана, а і бойка. Нехта зачапіў “скаромна-несправядлівым” словам” Васіля Канцавога, а другі завёў песню, а ў сузастольніка была яшчэ жалоба па жонцы, той і ўрэзаў так, што тая паляцела ў кут з лавы. “Ты што, стары хрэн?!”  – крычала тая, даючы нядаўняму ўдаўцы добрага ляскача. Не ўстрымаўся Мар’ян і да жонкі:”Твае госці, твае! Каго ты пазвала? Ну?!” І лясь ёй аплявуху. Тая з ног. Усхадзіліся іншыя, госці. Той-сёй падаўся за дзверы, надалей ад бяды, а тыя, каму за шчасце было пачасаць рукі, увязаліся ў бойку. Манька Грымзіна падскочыла да паркана, вырвала з яго кол і кінулася за рог хаты, у эпіцэнтр усіх падзей. Тут ужо Мар’ян хапаў  некага загрудкі, у таго трашчала кашуля, з яе сыпаліся, як гарох, гузікі…
Дасталося і шакаладнаму маслу. Адзін госць заскочыў у хату і, ашалелы ад “чмары”, шукаў, каб што ўзяць у рукі для бою, але не знайшоў, тады падхапіў рэшткі няз’едзенага масла і прама ў місе, з размаху ўклеіў аднаму з ягамосцяў   па пысе.  Смяяліся ўсе, і нават дзеці, якія здалёку цікавалі за бойкай…
Смяяліся і на наступны дзень. Смяяліся адзін з аднаго, прыгадвалі, як усё было, хто каму ўмазаў, хто бараніўся, хто ўцякаў падмазаўшы пяткі.
У свае шаснаццаць Святлана ладзіла  ўжо сабе імяніны ў інтэрнаце вучылішча. А сямнаццаць сваіх крамяных так і не сустрэла. У жніўні ехала ад бацькоў у Полацк , пазнілася (два дні чакала, пакуль спадзе пухліна ад укусу пчалы), напрасілася ў спадарожную машыну, за рулём якой аказаўся маньяк Міхасевіч. Да Полацка так і не даехала…
Знайшлі яе няскора, у лесе. Знявечаную, у рыззі, у якім і знаку не засталося ад ранейшай блакітнай сукеначкі ў белы гарошак…
Помню тое пахаванне, з крыкамі, з енкам і такім плачам, што да болю сціскалася сэрца…
Пасля пахавання Мар’ян з Ядзяй піць менш не сталі.
А на могілках, недалёчка ад Навасёлак, горбіцца несамавіты, але заўсёды  дагледжаны помнічак. На ім з фоткі ветліва, міла ўсміхаецца  дзяўчынка, і не верыцца, што ў далёкім 83-ім яна прыняла такую пакутніцкую смерць.
Мікалай МАРОЗ,  в. Баёўка.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *