15 сентября – День библиотек

Актуалии Культура

Зацікавіць кнігай умее
Мяркуем, як бы не вітаў чалавек сучасныя тэхналогіі, звычайная друкаваная кніга ніколі не страціць свайго значэння ў яго жыцці. Менавіта таму і жывуць бібліятэкі, а іх абаронцы і ахоўнікі, іх прапагандысты і альтруісты (інакш не магу ахарактарызаваць работнікаў бібліятэк) робяць усё, каб з пакалення ў пакаленне перадаваўся інтарэс чытачоў да кнігі.
Усе намаганні прыкладае да стварэння творчай атмасферы ў сваім храме кнігі загадчыца Полькавіцкай бібліятэкі Любоў Леанідаўна Рыдачэнка (на здымку). Абслугоўвае яе бібліятэка восем вёсак. Зацікавіць кнігай гэты вопытны бібліятэкар умее: з 262 жыхароў вёсак 250 запісаліся ў яе на абанемент. Нехта з іх чытач спрадвеку, як, напрыклад,  жыхарка вёскі Яцукі Надзея Паўлаўна Сундзеева і яе дачка Таццяна Андрэеўна Ільінец, а нехта толькі пачынае захапляцца кнігай.
«Чытачоў сваіх стараюся задаволіць іх любімымі жанрамі, – распавядае Любоў Леанідаўна. – Перачытаў, напрыклад, аматар прыгодніцкай літаратуры кнігі ў нашай бібліятэцы – вязу нешта новае з суседняй Крывасельскай ці з раённай. Дарэчы, такія “перавозкі” дазваляюць і спецрахунак папаўняць, бо многія сучасныя цікавыя часопісы і спецлітаратуру выдаём чытаць за плату».
Не сядзіць бібліятэкар у чаканні чытачоў: ідзе ў школу, разносіць літаратуру па дамах. Вельмі ўдзячная яна за дапамогу сацыяльным работнікам, якія не адмаўляюцца перадаць кнігі пажылым.
Шмат мерапрыемстваў бібліятэка праводзіць для маленькіх чытачоў. Праз гульні і конкурсы дзеці знаёмяцца з літаратурай, з карысцю праводзяць свой вольны час. А за ўдзел у віктарынах абавязкова атрымліваюць ад бібліятэкара наклейкі ці яшчэ якія прызы. Ідуць дадому задаволеныя.
Напрыканцы жніўня бібліятэка папоўніла свае фонды дзіцячай літаратурай, для маленькіх чытачоў гэта радасць. Гэта радуе і Любоў Леанідаўну, як і тое, што дзеці цікавяцца сваёй спадчынай. Некалькі год таму бібліятэкар пачала збіраць розныя старадаўнія прадметы ўжытку як экспанаты для міні-музея. Дапамагалі і гурткоўцы — пры бібліятэцы працуе гурток народных промыслаў “Скарбонка”. Сёння тут можна ўбачыць мноства цікавых прадметаў: жбаны і куфры, патэфон і калаўрот, жорны і вышыванкі… І па-трабуецца ўжо для гэтага багацця большае памяшканне. Можа з часам і ўдасца размясціць бясцэнны скарб лепей, каб была магчымасць для ўсіх жадаючых арганізаваць цікавую экскурсію ў гісторыю быту вясковых жыхароў.
За ўсё бярэцца загадчыца бібліятэкі з жаданнем. Вось і  тэрыторыю разам з загадчыцай клуба пераўтварылі ў казачны гарадок. Трымае Любоў Леанідаўна ў парадку і памяшканне бібліятэкі. Упэўнена: кнігі, як і людзі, любяць парадак і клопат.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №70 ад 13.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *