Как запретить аистам селиться на столбах линий ЛЭП?

Актуалии Общество Экология

Бусел  на  дрэве, а не на слупе ЛЭП
Ва ўсе часы гняздо буслоў каля жылля чалавека лічылася добрым знакам. Маўляў, шчасце ў хаце будзе мець абавязковую прапіску. Спачатку птушкі будавалі сабе гнёзды на дрэвах бліжэй да чалавечага жылля, устройваючы там з галля вялікія гнёзды, пазней – на дахах дамоў. Выводзілі там птушанят, вучылі іх лятаць, жыць.
У апошні час, калі вёскі нашы пачалі бяднець на людзей, а хаты прыходзіць у непрыдатны для пражывання стан, гэтыя птушкі перамясціліся на апорныя слупы ліній электраперадач, адкуль так зручна стартаваць у першы палёт. Але ж гэта не вельмі бяспечна найперш для саміх птушак.
Некалькі год таму супрацоўнікі НАН Беларусі і ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” правялі ўлік, які паказаў, што, напрыклад, у Маларыцкім раёне каля 70% гнёздаў белага бусла размешчаны менавіта на апорах ЛЭП. Безумоўна, такая сітуацыя не выгадна ні чалавеку, ні самой птушцы. На абслугоўванне ЛЭП трацяцца немалыя сродкі, і шкода, якую наносяць птушкі, значная. Электрыкі вымушаны знімаць гнёзды, бо яны шкодзяць лінію электраперадач, могуць выклікаць замыканне ці парыў.
Так, у нашым раёне ў пачатку вясны ля Тропіна работнікі РЭС былі вымушаны скідваць гняздо з апоры ЛЭП, у якім не паспелі пасяліцца буслы. Па словах начальніка Шумілінскага РЭС Дзмітрыя Муркова, сёлета па просьбах вяскоўцаў былі зняты тры гняздоўі, ляжыць адна заяўка з Цербяшова. Да таго, сёння ёсць у электрыкаў і афіцыйная забарона на разбурэнне гнёздаў – да таго часу, пакуль узамен не будуць устаноўлены штучныя платформы.
На нядаўняй нарадзе ў Міністэрстве прыроды з удзелам прадстаўнікоў Міні-стэрства энергетыкі і іншых зацікаўленых службаў прынята рашэнне з дапамогай штучных гняздоўяў адцягваць увагу птушак ад будаўніцтва гнёздаў на дзеючых электралініях. Прыняць удзел у гэтай справе могуць усе нераўнадушныя людзі.  Супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах распрацавалі рэкамендацыі па вырабе і ўстаноўцы штучных гняздоўяў для белага бусла.
Будуем гняздо для бусла
Дамы для буслоў пажадана рабіць на розных бяспечных канструкцыях – спецыяльна ўсталяваных слупах, асобных высокіх дрэвах, пабудовах.  Галоўнае – далей ад высакавольтных ліній.
Усе работы, звязаныя з рэканструкцыяй гнязда, неабходна праводзіць у негняздавы перыяд – з канца жніўня да сярэдзіны сакавіка.
Асноўным матэрыялам для вырабу платформы з’яўляюцца сасновыя ці яловыя жэрдзі без кары дыяметрам 6-9 см. Можна выкарыстоўваць дошкі.
Жэрдзі мацуюцца ў адзіную канструкцыю цвікамі. Дыяметр платформы – 120-130 см. Кароткія жэрдзі, якія прыбіваюцца па верху платформы ўздоўж яе краю, умацоўваюць канструкцыю і аблягчаюць далейшую ўстаноўку на ёй вянка з вярбовых прутоў.
Вянок – важны элемент, які надае канструкцыі выгляд “жылога” буслінага гнязда. Для яго вырабу лепш узяць доўгія тонкія вярбовыя ці бярозавыя галінкі. Яны выкладваюцца ў выглядзе кола дыяметрам каля 120 см і таўшчынёй 20 см. Трэба нарэзаць пучок галінак, сплесці іх у жгут даўжынёй каля 3 м, перавязваючы яго вяроўкай ці дротам. Жгут звязваецца ў кола. Вянок укладваецца на платформу і шчыльна прымацоўваецца да яе.
Вянок можна зрабіць і на платформе, укладваючы на яе доўгі пучок галін і адразу прывязваючы яго да жэрдак сінтэтычнымі вяроўкамі ці дротам. Нельга пакідаць доўгія канцы ці петлі, у якіх могуць заблытацца птушаняты.
Наступны этап – высцілка платформы матэрыялам са старога гнязда ці галінкамі, саломай, перагорнутым дзёрнам. Пласт матэрыялу, якім высцілаецца платформа, павінен закрываць яе дно, каб не заставалася прасветаў. Чым больш платформа будзе нагадваць гняздо, тым больш шансаў яе засялення.
Калі платформа павінна заняць месца ўжо існуючага гнязда (напрыклад, якое мае вельмі вялікія памеры), перад яе устаноўкай варта скінуць старое гняздо.
Аснову пад гняздо на даху дома ўяўляе платформа з вярбовым вянком, устаноўленая на замацаваных паміж сабой дзвюх крыжавінах. Дошкі, брусы ці жэрдзі ў кожнай крыжавіне замацоўваюцца пад пэўным вуглом з дапамогай шрубаў. Каб вызначыць гэты вугал – вугал нахілу даху – неабходна загадзя яго вымераць з дапамогай доўгіх планак, злучаных шрубам. Атрыманая мерка дазволіць правільна ўстанавіць ножкі крыжавіны пад платформу. Да ўнутраных краёў кожнай з крыжавін прыбіваюцца дошкі, якія забяспечваюць раўнамерны націск платформы на дах.
Пры мантажы платформы на дрэве варта прытрымлівацца некалькіх правілаў. Каб пазбегнуць паслаблення дрэва, нельга зразаць верхавіну. Можна выкарыстоўваць сухія ці падсыхаючыя дрэвы, калі яны дастаткова моцныя. Абразаючы здаровыя галіны, трэба выкарыстоўваць вострыя пілы, а таксама замазваць раны супрацьгрыбковымі сродкамі.
Варыянты мацавання платформы ў кожным выпадку могуць адрознівацца ў залежнасці ад формы дрэва. Бывае дастатковым прыбіць да ствала ці галін некалькі жэрдак, якія будуць асновай платформы. Важна, каб 5 сярэдніх жардзін платформы шчыльна прымыкалі адна да адной. Дзякуючы гэтаму канструкцыя стане больш устойлівай: платформа павінна быць замацавана нерухома, калі яна будзе коўзацца, птушкі яе не заселяць. Таму для мацавання платформы выкарыстоўваюць доўгія цвікі (100,150 мм).
Не варта прывязваць платформу да дрэва дротам, з ростам дрэва дрот урастае ў яго тканкі, абмяжоўваючы далейшае развіццё.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №85 ад 29.10.2019 г.