Сонечка нашла теплоту и любовь в приёмной семье

Общество Семья


–  Мамулечка, я так цябе люблю! – дзіцячыя рукі Сонечкі пяшчотна абдымаюць шыю Таццяны Міхайлаўны Якаўлевай. Потым дзяўчынка цалуе сваю мамачку і ідзе спаць. І так кожны вечар. Прачынаецца – і зноў хутчэй бяжыць пацалаваць сваю  прыёмную маці. Па ўсім відаць, што гэтай пяшчоты і ўвагі не хапала ў той сям’і, дзе дзяўчынка расла. Не хапала там і належнага догляду за Сонечкай і яе старэйшым братам Ільёй, бо дзяцей забралі ў прытулак.
Сёння 12-гадовы Ілья з усёй упэўненасцю сцвярджае, што ім з сястрычкай проста пашанцавала, што апынуліся ў добрай сям’і. Прыёмныя бацькі іх любяць. У  іх ёсць асобны пакой  – раней  пра яго і марыць не прыходзілася.
Таццяна Міхайлаўна і Мікалай Міхайлавіч Якаўлевы вырашылі ўзяць дзетак  у прыёмную сям’ю амаль два гады таму. Доўга прыглядаліся, хадзілі ў прытулак. Таццяне Міхайлаўне прыглянулася Сонечка. “Калі шчыра, то ўсё жыццё марыла заплятаць дачушцы коскі, – усміхаецца жанчына. – Думала, мая мара ўжо і не спраўдзіцца. Нам жа з мужам Бог падарыў трое сыноў. Яны ўжо дарослыя, у кожнага – свае ўласныя сем’і.  А тут сустрэлася з Сонечкай, такой ласкавай  маленькай дзяўчынкай. Пры знаёмстве яна сказала: “Мяне завуць Соня. Я ўмею лічыць да дзесяці”.  І сэрца маё растаяла. Я нібыта памаладзела, у мяне з’явілася  жаданне атуліць цеплынёй гэтае дзяўчо”.  Паколькі ў прытулку быў і брат Сонечкі, Якаўлевы вырашылі, што разлучаць іх нельга. Так у сям’і з’явілася двое дзяцей. Вядома, бацькі спачатку параіліся са сваімі дарослымі сынамі. Тыя з разуменнем аднесліся да іх рашэння. І вось зараз у Якаўлевых пяцёра дзяцей. Столькі ж і ўнукаў, з якімі Ілья і Соня паспелі пасябраваць.
Дзеці ў прыёмнай сям’і перамяніліся да лепшага: сталі лепш вучыцца, больш засяроджаныя і ўважлівыя. А галоўнае – у іх душы з’явіўся спакой.  Яны не ўздрыгваюць ад кожнага гуку, не плачуць па начах… Вядома, у такіх пераменах ёсць заслуга бацькоў. У першую чаргу Таццяны Міхайлаўны, якая, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, увесь свой вольны час прысвячае дзецям. Правярае ўрокі, лечыць, калі захварэюць, змазвае ёдам падрапаныя каленкі і абдымае, калі вельмі балюча ці крыўдна.
Таццяна Міхайлаўна разумее настрой дзяцей па першым слове ці погля-дзе. Яна мудрая жанчына і маці.  Не выпытвае пра радасці ці няўдачы – дзеці расказваюць самі. На думку жанчыны, самае галоўнае пры ўзаемаадносінах з дзецьмі – гэта давер.
Сонечка і Ілья многаму навучыліся ў сваіх прыёмных бацькоў, якія паспелі ўжо стаць роднымі. Разам  працуюць на агародзе, разам нарыхтоўваюць на зіму яблыкі. Ілья дапамагае Мікалаю Міхайлавічу рамантаваць агароджу, а Сонечка з Таццянай Міхайлаўнай любяць пячы торты.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *