На «прямую линию» Олега Быкова поступило 5 обращений па вопросам ЖКХ

Актуалии Власть Общество

Выслухаць і дапамагчы
Калі чалавек звяртаецца да ўлады, ён разлічвае, што яго выслухаюць і дапамогуць. Менавіта гэта паказваюць традыцыйныя “прамыя лініі”, што праходзяць па суботах. Трэба адзначыць, што большасць зваротаў бывае абгрунтаванай і дапамогу чалавек атрымлівае. Так было і ў мінулую суботу, калі да выконваючага абавязкі старшыні райвыканкама Алега Быкава паступіла пяць зваротаў, дарэчы, усе – па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
З раніцы першымі на асабісты прыём прыйшлі жыхары дома №4 па вуліцы Дубасарскага ў райцэнтры. Дом з’яўляецца адной з першых шматкватэрных пабудоў у Шуміліне, мае пячное ацяпленне. Жыхары паскардзіліся, што ў доме ў пяці кватэрах людзі зарэгістраваныя, але там не жывуць, а значыць і не паляць печы зімой. Ад гэтага ў сумежных кватэрах сцены халодныя, сырыя. Надыходзіць ацяпляльны сезон, і гэтыя праблемы паўстануць зноў, падкрэслівалі жыхары дома падчас прыёму. Пры разглядзе сітуацыі высветлілася, што ў адной з азначаных кватэр камунгасам ужо запланаваны рамонт і перадача яе ў камерцыйны жыллёвы фонд. Да зімы кватэра будзе заселена. Па астатніх адпаведныя службы райвыканкама атрымалі даручэнне разабрацца і па магчымасці вырашыць пытанне. Будзе праведзены і рамонт даху, пра які таксама прасілі жыхары дома. А вось просьба аб падключэнні дома да цэнтральнага ацяплення хутка не вырашыцца. Але Алег Пятровіч пацвердзіў, што гэта будзе зроблена падчас правядзення ў доме капітальнага рамонту.
Па тэлефоне да Алега Быкава звярнуліся з аграгарадка Светласельскі. Дах, пра які гаварыў заяўнік, будзе адрамантаваны ў планавым парадку да канца верасня. Таксама па плану сёлета будзе зроблена адмостка і падрамантаваны цокаль дома №16 па вуліцы Юбілейнай – пра што прасілі у тэлефанаванні з гэтага дома. Патэлефанаваў жыхар Віцебска, які лета жыве ў кватэры ў шматпавярхоўцы, што ў аграгарадку Слабада, а на зіму вяртаецца ў гарадскую кватэру, – прасіў адключыць слабадскую кватэру ад цэнтральнага ацяплення, каб не плаціць за паслугу, якой, па ягоных словах, не карыстаецца. Гэтае пытанне патрабуе дадатковага тэхнічнага вывучэння, каб не толькі гаспадару было добра, але і суседзі не пацярпелі.
З аграгарадка Мікіціха прасілі знесці ці аднавіць згарэўшы дом, што месціцца па суседству. Даручэнне абследаваць і вывучыць магчымасці таго ці іншага варыянту атрымала кіраўніцт-ва “Лаўжанскага” – менавіта гэтае прадпрыемства з’яўляецца ўласнікам згарэўшай пабудовы.
Яшчэ адна, я б сказаў, станоўчая асаблівасць размовы з насельніцтвам заключаецца ў тым, што ва УП ЖКГ ведалі і планавалі вырашаць праблемныя пытанні сёлета, і не было неабходнасці кідацца вырашаць іх у аўральным парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №72 ад 18.09.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *