Валерий Бурень: сорок лет у руля санитарной службы

Людзі і лёсы Общество

На перадавых рубяжах гігіены і аховы здароўя
З нагоды юбілею санітарнай службы Шумілінскага раёна наша гутарка з галоўным урачом ДУ “Шумілінскі РЦГЭ” В. Р. Бурэнем.
— Валерый Рафаілавіч, пачнём з вытокаў…
— Наша санітарная служба існуе з 1926 года, яна была створана неўзабаве пасля стварэння раёна. Дарэчы, пражывала тады ў ім 22600 чалавек. Спачатку служба была прадстаўлена эпідэміялагічным аддзелам пры цэнтральнай раённай бальніцы.  Свайго транспарту, будынка, патрэбнага абсталявання не было, туліліся ў старым будынку па вуліцы Сіпко. А санітарны аддзел з хімічнай і паразіталагічнай лабараторыямі з’явіліся ў пасляваенны час. Першым галоўным санітарным урачом ў раёне быў Міхаіл Аляксеевіч Шамаль, пасля – Віктар Хацкелевіч Стам, Віктар Васільевіч Свірыдаў, Яўген Іванавіч Цымбалаў, змяняў я на пасадзе Алену Вікенцьеўну  Рыбнік. Яна яшчэ доўгі час працавала ў нашай баклабараторыі.
— Вы прыйшлі на гэтую даволі клапатлівую пасаду без малога сорак гадоў назад. Раскажыце, калі ласка, з чаго пачыналі працу і чаго дамаглася Ваша служба сёння.
— Прымаў “партфель” у сярэдзіне жніўня 1972 года. Помню, захапіў немалыя праблемы з гепатытам, “разгульвалі” кішэчныя хваробы, грып і вострыя рэспіратарныя захворванні. Працавалі ў вельмі нялёгкіх умовах, і толькі праз два гады купілі два фінскія домікі, каб займець сабе больш-менш прыстойныя “апартаменты”. Падсобнымі рабочымі на ўдарнай будоўлі былі ўсе нашы работнікі. З транспарту мелі пару матацыклаў і грузавую машыну.
Зараз на сто працэнтаў забяспечаны і транспартам, і лабараторным абсталяваннем. Атрымалі ліцэнзіі для работы чатырох лабараторый, так што практычна ўсе аналізы робім самі. Займелі свае гаражы, кацельню, у кабінетах — сучасныя камп’ютары. Не так даўно да нас прыйшоў прыродны газ, для маладых супрацоўнікаў ёсць 4 цёплыя пакоі, усе яны сёння заняты.
— Дарэчы, Валерый Рафаілавіч, пра кадры…
— Толькі ў апошнія некалькі гадоў паступаюць да нас у РЦГЭ урачы з універсітэцкай адукацыяй, да гэтага прыходзілі  толькі пасля медвучылішчаў. Аднак па розных прычынах многія зрываліся пасля “абязалаўкі” — то ў Віцебск, то яшчэ куды. Па сутнасці мне даводзіцца вучыць прафесіі трэцяе пакаленне спецыялістаў. Пачынаў працу з У. П. Патарокіным, Я. Д. Лук’янавым, шмат гадоў паспяхова кіравала баклабараторыяй Т. В. Мацвеева, старалася лабарантка Г. І. Лабачова, у эпідэміялагічным аддзеле плённа працавалі А. С. Мацвееў, М. М. Пракопчык, Н. Ф. Каніна, І. І. Варкулевіч, В. К. Яленская, І. У. Пракопчык, А. М. Кароткіна, К. А. Рымовіч, звыш 30 гадоў аддала санітарна-прафілактычнай рабоце ў нашай сістэме В. Ц. Гусакова. Многія нашы спецыялісты папаўнялі рады цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта і Л. М. Дземянёва, і Р. Д. Каўгунова, і радыёлагі, каля шасці гадоў аддаў у свой час санітарнай службе загадчык тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ В. В. Улюценка.
Клопатаў нямала. Бяспека харчавання, наогул харчовая сфера — галоўная, бадай, у нашай рабоце. А яшчэ — займаемся прафілактыкай інфекцыйных захворванняў, аналізам умоў працы і быту, умоў утрымання дзяцей у школах, дзіцячых садках і яслях. Словам, санітарная служба пранікла ва ўсе з’явы жыцця чалавека.
А з нагоды юбілею хачу шчыра павіншаваць са святам усіх ветэранаў санітарнай службы раёна, калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Зычу ўсім моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму і міру!
Надрукавана ў №74 ад 27.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *