В Шумилино прошли торжества по случаю 100-летия ВЛКСМ

Актуалии Новости

На сцэне – камсамольцы 70-х гадоў.

Не старэюць сэрцам  камсамольцы

26 кастрычніка ў Шуміліне прайшло мерапрыемства з нагоды 100-годдзя ўтварэння камсамола.
Ужо на парозе Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў ахоплівала  святочная прыўзнятая атмасфера. Усмешкі, радасны настрой, цёплыя сустрэчы старых знаёмых стваралі незабыўныя ўражанні. У фае першага і другога паверхаў працавалі выставы, падрыхтаваныя гісторыка-краязнаўчым музеем, раённай бібліятэкай, СШ №1, дзе дэманстраваліся фотаздымкі, рэчы, сувеніры, малюнкі і іншае, звязанае з гісторыяй Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Дарэчы, і многія прыйшлі з прышпіленымі камсамольскімі значкамі, якія яны захавалі з часоў сваёй маладосці. Папулярнасцю карысталася фотазона, нібы сышоўшая з ажыўшага плаката савецкіх часоў, прысвечанага працоўным дасягненням

Алег Быкаў і Ірына Новікава з узнагароджанымі Вольгай Аўчыннікавай, Раісай Шах, Аленай Пузікавай.

камсамольцаў.

Але галоўнае – гэта людзі, якія сабраліся на свята: камсамольскія актывісты і камсамольскія работнікі, сакратары камсамольскіх пярвічак прадпрыемстваў і арганізацый Шуміліншчыны. Салідныя, сур’ёзныя людзі з важнымі і адказнымі пасадамі, многія ўжо на заслужаным адпачынку. Але яны захавалі ў сябе галоўнае – маладосць душы, актыўнасць у грамадстве, нераўнадушнае стаўленне да жыцця. Многія сустрэліся праз дзесяцігоддзі, але прызнавалі адзін аднаго, шукалі сябе на фатаграфіях, успаміналі, абменьваліся тэлефоннымі нумарамі…
Гэтая святочная атмасфера пераходзіла і ў залу, дзе яе дапоўнілі песні мінулых гадоў – камсамольскія, савецкія, маладзёжныя ў выкананні работнікаў культуры раёна, самадзейных артыстаў, выхаванцаў школы мастацтваў.
З віншаваннямі да ветэранаў камсамольскага руху звярнуўся выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў, які ад-значыў, што камсамол – гэта школа, якую прайшло не адно пакаленне, і кожнае ўносіла свой уклад у развіццё краіны. Алег Пятровіч адзначыў, што сам з’яўляецца прадстаўніком апошняга пакалення камсамольцаў, і гэты час застаўся ў яго памяці як час творчасці, працы, радасці і станоўчай дынамікі. Ён адзначыў, што ў нашай краіне камсамольскі рух знайшоў прадаўжэнне ў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які аб’ядноўвае сучасную актыўную і творчую моладзь. А задачы для маладога пакалення застаюцца нязменнымі – стварэнне на карысць краіны, стварэнне ўласнай будучыні.
Алег Пятровіч уручыў узнагароды раённага выканаўчага камітэта былым камсамольскім актывістам. Ганаровай гарматай адзначана Раіса Іванаўна Шах, Падзякамі – Вольга Пятроўна Аўчыннікава і Валянціна Уладзіміраўна Лабейка.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава падкрэсліла, што 100-гадовы юбілей УЛКСМ – гэта важкая гістарычная дата, якая не можа быць незаўважанай. Камсамольцы і ў мірны час, і ў гады вайны зрабілі нямала. Поплеч з камуністамі яны ішлі ў бой, будавалі заводы, уздымалі цаліну. Камсамол ставіў задачы і ўпарта іх вырашаў. Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Алене Міхайлаўне Пузікавай. Як старшыня раённага каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый Ірына Мікалаеўна ўручыла Падзякі каардынацыйнага савета вялікай групе камсамольскіх работнікаў і актывістаў, якія і сёння ўносяць свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, выхаванне падрастаючага пакалення.
На сцэну выходзілі прадстаўнікі камсамольцаў 70-80-х гадоў і канца 80-х–пачатку 90-х гадоў, дзяліліся сваімі ўспамінамі, расказвалі пра тое, што дала ім школа камсамола ў жыцці, выказвалі свае пажаданні сучаснай моладзі і самім сабе, сваім сябрам. На сустрэчу прыехалі былыя кіраўнікі раённай камсамольскай арганізацыі Віктар Азараў, Аляксандр Штокін, Марыя Эрдман, многія былыя работнікі райкама камсамола.
Кульмінацыяй мерапрыемства стаў зварот ветэранаў камсамольскага руху, які зачытала Алена Васілеўская, да прадстаўнікоў сучаснай моладзі на чале з другім сакратаром райкама БРСМ Вольгай Баранавай. “Мы верым, што лепшыя традыцыі камсамола захавае і памножыць БРСМ”, – гаворыцца ў звароце. А сучасная моладзь абяцала падхапіць і з гонарам несці ўсё лепшае, што было ў камсамольскай арганізацыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №84 ад 30.10.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *