Выполнение социальных стандартов в районе обсуждалось на очередном заседании райисполкома

Актуалии Президент

Клопат пра чалавека — не дэкларацыя
Выкананне сацыяльных стандартаў — не дэкларатыўны, а рэальны клопат кожнага кіраўніка. Менавіта такі лейтматыў быў вытрыманы ў размове, якая адбылася на нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Вёў пасяджэнне першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч. Размову пачынаў даклад, з якім выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава. Трэба адразу прызнаць: аналіз па азначанай тэме Тамара Анатольеўна падала падрабязны, з фактамі і мноствам лічбаў.
Львіная доля даклада была адведзена рабоце УП ЖКГ па выкананні патрабуемых сацыяльных стандартаў, прычым акцэнт рабіўся на якасных параметрах. І ў самім выступленні дакладчыка, і ва   ўдакладненнях. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава зазначыла, што ў раёне ёсць нямала стандартаў, якія перавыконваюцца. Адзін з прыкладаў — гарадскі аўтобус, які, згодна з нарматывамі, у Шуміліне неабавязковы. Тым не менш пайшлі насустрач просьбам гараджан.
Але гаворка вялася перш за ўсё аб праблемах. Таму ж камунгасу не пад сілу пакуль што выкананне дзвюх задач: якаснае і бесперабойнае водазабеспячэнне, а таксама патрабуемая ўдзельная вага вуліц з удасканаленым пакрыццём. У гэтым прызнаўся, выступаючы ў спрэчках, дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан. Па яго словах, водаправодная сетка даўняя, яна фізічна і маральна ўстарэла, адсюль і частыя парывы і аварыі. Патрэбны сродкі на замену сеткі, патрабуецца капітальны рамонт каналізацыйна-помпавай станцыі. Пра асфальтаванне. Тыя грошы, што выдзяляліся на паляпшэнне стану вуліц, асвоены, аднак крытыкі пазбегнуць кіраўнік прадпрыемства не змог. Напрыклад, “абулі” ў асфальт вуліцу Дабееўскую, злучылі яе  з вёскай Баёўка, аднак на абсталяванне абочын грошай не пакінулі, дажджамі іх размывае, будзе псавацца і абломвацца асфальт па краях дарогі.
Гучала крытыка ў адрас кіраўніцтва камунгасу  па раздзельным зборы цвёрдых бытавых адыходаў (праблема з “барадой”), а вось па нарыхтоўцы паліва на зіму, па словах В. А. Коўзана, пытанне практычна знімаецца. Прыбыла ў УП ЖКГ драбілка, у запасах больш як 1300 кубоў паліўнай шчапы, яшчэ ад лясгаса паступіць каля 2 тысяч кубоў. Запэўніў Валерый Антонавіч, што будзе да канца года асвоена 1,1 мільярда рублёў на капітальныя патрэбы, зазначыў, што прадпрыемства ўзяло буйны крэдыт у банку — прыкладна на такую суму, якую запазычылі камунгасу прадпрыемствы і арганізацыі раёна. А вось па фактах грубасці дыспетчараў апраўданні дырэктара здаліся кволымі, нягледзячы на тое, што работа ў дыспетчараў напружаная.
Многае робіць, каб не здаваць пазіцый у гандлі, кіраўніцтва райспажыўтаварыства. Тым не менш да старшыні праўлення В. В. Доктарава былі пытанні па рабоце аддзела грамадскага харчавання. Калі ў Шуміліне і Обалі яшчэ можна дзе заказаць абед ці званую вячэру, то ў Мікіцісе, якая на бойкай трасе, дзе пражывае тысяча чалавек,  такім сэрвісам абдзелены. “Ці ёсць у Вас па Мікіцісе якія-небудзь намеры па дастойнай сталовай ці кафэ?” — пытаецца ў В. В. Доктарава дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. М. Байкоў, які прымаў самы чынны ўдзел у размове. Віктар Віктаравіч няпэўна паціснуў плячамі. “Калі паставіце мэту, гэта 30% поспеху”, — перакананы дэпутат. Хочацца верыць, што мэта ў кіраўніка кааператыўнага гандлю раёна на 2012 год па Мікіцісе ёсць.
Нямала пытанняў прагучала да в. а. дырэктара КУП БАН М. Ф. Дзегцярэнкі. Асабліва па рабоце комплексных прыёмных пунктаў у аграгарадках Мішневічы і Крывое Сяло. Напрыклад, у Мішневічы выязджала мабільная бытавая служба, аднак у апошні час заявак адтуль наогул няма. Ды і стратныя гэтыя дальнія ваяжы, лічыць М. Ф. Дзегцярэнка. Аўтобус расходуе 36 літраў бензіну на 100 кіламетраў, і да Крывога Сяла, напрыклад, вылеціць у трубу недзе 120 тысяч рублёў, а ў рамонт прывязеш пару чаравікаў ды пастрыжэш аднаго кліента. “А ці спрабавалі прыязджаць у вёску ў дзень палучкі ці пенсій?” — пытаюцца ў М. Ф. Дзегцярэнкі. Аказваецца, не. Як і па арганізацыі збору металалому. Трактар жа свой ёсць, то чаму б не заняць гэтую даволі прыбытковую нішу?!
Незразумелая для членаў райвыканкама пазіцыя бытавікоў па шынамантажу. М. Ф. Дзегцярэнка запэўніў: абучаецца ў Віцебску спецыяліст, праз два тыдні ён выйдзе на працу…
Па выкананні сацыяльных стандартаў і нарматываў у адпаведных сферах выступілі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў і галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў.
Па азначаным пытанні прынята разгорнутае рашэнне райвыканкама.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №74 ад 27.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *