Клюквенный сезон шумилинских болот

Край шумілінскі Экономика

Журавінавая восень
Верасень – час нарыхтовак не толькі садавіны-гародніны, але і  лясных дароў. У прыватнасці, людзі зараз актыўна збіраюць журавіны і здаюць іх у магазіны райспажыўтаварыства. “Паспелі прыняць больш як паўтары тоны ягад, – расказвае начальнік аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Ю. А. Глаўдзель. – Закупачныя цэны растуць: калі ў пачатку месяца прымалі ягады па 12 тысяч рублёў за кілаграм, то цяпер – па 16 тысяч. Людзей задавальняе такая цана. Найбольш актыўна здаюць журавіны ў Сураўнях, Мікіцісе, Мікалаёве. А вось у Обалі слабавата…”
У параўнанні з іншымі нарыхтоўчымі пунктамі актыўна вядзецца работа па нарыхтоўцы журавін у вёсцы Гульбішчы. Нарыхтоўшчыкам тут З. С. Альхіменка. “Ягад сёлета малавата, – кажа Зоя Сяргееўна. – Сама хаджу ў лес і ведаю: каб назбіраць вядро, паўдня мала. Але ў мінулым годзе ягад у нас увогуле не было. Людзі з Сураўнёў, Казьян, Мішневіч ходзяць на балота Гайдукі”. Дарэчы, Зоя Сяргееўна за першыя тры тыдні верасня прыняла ад вяскоўцаў амаль чатырыста кілаграмаў ягад.
Праўда, прадпрымальнікі прымаюць журавіны прама на выхадзе з балота. Цана там меншая – 15 тысяч за кілаграм, але ж прымаюць неперабраныя ягады і не робяць трохпрацэнтную скідку, як у райспажыўтаварыстве.
Журавіны карыстаюцца попытам на кірмашах у абласным цэнтры, куды работнікі райспажыўтаварыства выязджаюць ледзь не кожны тыдзень. “А на днях пачынаюцца і пашыраныя восеньскія кірмашы, – дадае Юрый Алегавіч. – Журавіны, што не прададзім, будзем захоўваць у бочках з вадою. Вітамінная прадукцыя спатрэбіцца зімою. Між іншым журавіны ўжо сёння прадаюцца ў магазіне “Садавіна-гародніна”.
Зараз у вясковыя магазіны прымаюць не толькі журавіны, але і бульбу, капусту, моркву, буракі. Грошай можна зарабіць на яблыках, чорнай і чырвонай рабіне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №74 ад 27.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *