Олег Быков приступил к работе в качестве председателя Шумилинского райисполкома

Новости Президент

Мікалай Шарснёў віншуе Алега Быкава з назначэннем.

“Усё ў вас атрымаецца”

14 лістапада на сесіі раённага Савета дэпутатаў на пасаду старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта зацверджаны Алег Быкаў
У рабоце дзявятай пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якую правяла кіраўнік Савета Ірына Новікава, бралі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі. На сесію былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. На разгляд дэпутатаў было вынесена пытанне аб старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” кіраўні-ка раённага выканаўчага камітэта назначае старшыня абласнога выканаўчага камітэта і кандыдатура старшыні райвыканкама выносіцца на зацвярджэнне раённага Савета дэпутатаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Уладзімір Давыдоўскі паведаміў, што па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь старшыня аблвыканкама назначыў на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкама Алега Пятровіча Быкава. Жыццё і працоўная дзейнасць Алега Пятровіча звязаны з Шуміліншчынай. Ён мае вопыт работы ў гаспадарчых арганізацыях раёна і органах дзяржаўнай улады.
Уладзімір Давыдоўскі прапанаваў дэпутатам зацвердзіць рашэнне аб назначэнні Алега Быкава на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкама. На сесіі выступілі дэпутаты раённага Савета Аляксей Крыўко, дырэктар Шумілінскай ПМК-70, і Мікалай Будневіч, старшыня Обальскага сельвыканкама, якія высока ахарактарызавалі прафесійныя, арганізатарскія і кіраўніцкія якасці Алега Пятровіча і падтрымалі прапанову аб яго назначэнні на пасаду кіраўніка раёна.
Дэпутаты аднагалосна зацвердзілі рашэнне аб назначэнні Алега Быкава на пасаду старшыні раённага выканаўчага камітэта.
У сваім выступленні Алег Быкаў вызначыў асноўныя праблемы і задачы, якія стаяць перад органамі мясцовай улады, кіраўнікамі і работнікамі прадпрыемстваў, усімі жыхарамі раёна. Алег Пятровіч падзякаваў за давер і адзначыў, што для яго назначэнне – гэта двайная адказнасць, бо гэта адказнасць перад землякамі за родны раён.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў тое, што Алег Быкаў мясцовы, добра бачыць і ведае праблемы рэгіёна. За апошнія гады ў раёне многа зроблена: рамонт бальніцы, школы, увядзенне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, іншых аб’ектаў. Асаблівую ўвагу кіраўнік вобласці звярнуў на гарадскі пасёлка Обаль: праведзена мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, пабудавана станцыя абезжалезвання, зроблены рамонт у школе. Падтрымка далейшага развіцця пасёлка будзе працягвацца, сказаў Мікалай Мікалаевіч.
Не трэба чакаць улівання сродкаў аднекуль, трэба шукаць інвестараў, падтрым-ліваць мясцовых прадпрымальнікаў і іні-цыятыўных людзей, адкрываць новыя невялікія і сярэднія прадпрыемствы, паставіў ён задачу перад раёнам і раённымі ўладамі.
У якасці галоўнай праблемы Шуміліншчыны старшыня аблвыканкама назваў стан сельскагаспадарчай галіны, падкрэсліўшы, што ў раёне ёсць патэнцыял для развіцця. Кіраўнік вобласці прапанаваў развіваць, з улікам наяўнасці цэха ААТ “Малако”, вытворчасць малака, каб забяспечыць сыравінную базу і захаваць прадпрыемства і рабочыя месцы.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што каб стымуляваць раён да эфектыўнай работы ў сельскай гаспадарцы, каб стварыць добрыя ўмовы для жыцця людзей, каб падтрымаць новага кіраўніка, прынята рашэнне правесці абласныя “Дажынкі” у 2021 годзе ў Шуміліне . “Пачатак закладзены, працуйце, і ўсё ў вас атрымаецца”, – сказаў Мікалай Шарснёў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алег Пятровіч Быкаў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Шумілінскім раёне. Мае вышэйшую адукацыю: у 2013 годзе закончыў Расійскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці менеджмент арганізацыі, у 2016 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці дзяржаўнае і мясцовае кіраванне.
Пасля заканчэння Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага тэхнікума Алег Быкаў пачаў працаваць бетоншчыкам участка спецтрэста г. п. Шуміліна Віцебскага аблсельгасбуда.
У 1993-1994 гг. служыў у арміі.
У 1994 г. вярнуўся на радзіму і працаваў цесляром, майстрам цэха ЖБВ Шумілінскага вытворчага камбіната Віцебскага аблсельгасбуда, прарабам арэнднага прадпрыемства “Рамонтнік”.
У 1997-2007 гг. працаваў намеснікам галоўнага ўрача па адміністрцыйна-гаспадарчай рабоце Шумілінскага раённага тэрытарыяльна-медыцынскага аб’яднання.
У 2007-2011 гг. – дырэктарам ДКУБП “Шумілінская ПМК-70”. Яго дзейнасць на гэтай пасадзе адзначана ў 2009 годзе ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны”.
З 2011 г. А. П. Быкаў працаваў намеснікам старшыні Шумілінскага райвыканкама, са жніўня бягучага года выконваў абавязкі старшыні райвыканкама.
14 лістапада 2018 г. назначаны на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкама.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *