Этого человека успели спасти. А следующего?

Бяспека Новости

Выратавалі з ледзянога палону

7 снежня на рацэ Заходняя Дзвіна ў Кардоне ледзь не патануў мясцовы 43-гадовы мужчына, які па тонкім лёдзе пераходзіў на другі бок рэчкі і мог пазбавіцца жыцця.
Работнікі падраздзялення “Кардонскае” УП ЖКГ у той дзень, як і звычайна, займаліся паўсядзённымі справамі, як раптам з боку рэчкі, што працякае непадалёк, пачулася: “Людзі! Дапамажыце! Ратуйце!” Пачуўшы гэтыя крыкі, начальнік падраздзялення Анатоль Зянькоў крыкнуў мужчынам у кацельні: “Хапайце вяроўку, нехта тоне!”. Разам з качагарам Максімам Журавым кінуўся да рэчкі. А там, праваліўшыся пад тонкі лёд, у вадзе боўтаўся мясцовы жыхар. Ён хапаўся за краі лёду, але яны былі вельмі слізкія і крохкія.
“Мы расцягнулі вяроўку, паспяшаліся да мужчыны, – расказаў Анатоль Зянькоў. – Прызнацца, спачатку пра сваю бяспеку нават і не думалі, бо ў галаве была толькі адна думка: “Як выратаваць чалавека?”. Але потым зразумелі, што лёд можа праламацца і пад намі. Тады Максім Жураў узяў вяроўку і папоўз па лёдзе па-пластунску, а я застаўся падстрахоўваць. За некалькі метраў ад палонкі Максім кінуў вяроўку мужчыну і стаў адпаўзаць назад. Разам мы выцягнулі вяскоўца, якога потым перадалі медработнікам “хуткай дапамогі”. Дзякуючы правільным і хуткім дзеянням Анатоля Зянькова і Максіма Журава, чалавек быў выратаваны. Напэўна, 7 снежня стане яго другім днём нараджэння.
Па словах старшыні раённай арганізацыі ратавання на водах Аляксандра Шарафутдзінава, у гэтым годзе на Віцебшчыне патанулі на вадаёмах 56 чалавек (з іх трое непаўналетніх), у рэспубліцы – 364 чалавекі (сярод іх 30 непаўналетніх).
Асабліва небяспечныя вадаёмы зараз, у час адлігі: за дзень лёд растае на адзін сантыметр. У нашым раёне з-за водаваротаў і моцнага цячэння рэкі месцамі ўвогуле не замёрзлыя. У мэтах бяспекі райвыканкамам прынята рашэнне аб забароне выхаду на лёд у перыяд ледаставу і вясенняга разбурэння.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №98 ад 18. 12.2018 г.