Интервью с депутатом Палаты представителей Национального собрания Беларуси В. М. Байковым

Актуалии Общество Президент

«Галоўным арыенцірам у дэпутацкай дзейнасці была і застаецца якасць жыцця людзей»
З дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе № 21 Васілём Байковым мы сустрэліся пасля чарговага прыёму выбаршчыкаў. Размова пайшла пра надзённыя клопаты, якімі жывуць вяскоўцы, пра парламенцкую дзейнасць.
– Васіль Міхайлавіч, 30 чэрвеня завяршыла сваю работу восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання. Што вы як старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце адзначылі ў плане прыняцця законапраектаў?
– Дэпутаты працавалі актыўна. Адзначу, што рэалізаваны планы
па разгляду парадку дня сесіі, у які было ўключана каля 90 пытанняў. 24 законапраекты прыняты ў першым чытанні, 59 – у другім, у тым ліку 38 законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Да ведама прынята 7 дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы.
Цэнтральнае месца ў парадку дня займалі пытанні па Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гг., а таксама Дырэктыва № 4 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб чым грунтоўна гаварыў на сесіі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.
Спынюся на прыярытэтных накірунках прынятых рашэнняў.
Напрыклад, у мэтах развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці спрошчаны працэдура ліцэнзавання, а таксама парадак дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.
Да важнейшых вынікаў сесіі трэба аднесці рашэнні па стварэнні перадумоў для нарошчвання экспартнага патэнцыялу. Ратыфікавана больш за 20 міжнародных пагадненняў, накіраваных на развіццё мытнага Саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, умацаванне двухбаковых эканамічных сувязей.
Варта звярнуць увагу на прыняты ў ходзе сесіі праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. Ствараючы дадатковыя стымулы для аўтараў, ён фарміруе перадумовы для таго, каб у айчынную навуку і культуру актыўней прыцягваліся новыя творчыя і інтэлектуальныя сілы, аб’екты аўтарскага права дынамічна ўключаліся ў эканамічны абарот.
Працягваецца аптымізацыя адміністрацыйных працэдур, у прыватнасці, у такой сферы гаспадарчай дзейнасці, як абыходжанне з аб’ектамі расліннага свету. Уносіліся запатрабаваныя часам папраўкі ў заканадаўства аб арэндзе і залогу. Ажыццяўлялася ўпарадкаванне нормаў у вобласці бюджэтных і падатковых адносінаў.
Задача стварэння камфортных умоў для бізнесу запатрабавала карэкціроўкі асобных пытанняў судаўладкавання. Больш шырокаму выкарыстоўванню альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак і скарачэнню нагрузкі на агульныя і гаспадарчыя суды паслужаць палажэнні праекта Закона аб трацейскіх судах. Аптымізаваны парадак выканання судовых рашэнняў, у тым ліку пры рэалізацыі маёмасці на таргах.
–    Якія прыярытэты пераважаюць у сацыяльным блоку?
–    Гэта пытанні рэгулявання сямейных адносінаў, што заканамерна. Дабрабыт любога грамадства заснаваны на дабрабыце сям’і. Карэкціроўка Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ўводзіць спрошчаныя працэдуры заключэння шлюбу, удакладнення правоў і абавязкаў мужа і жонкі, узмацненне абароны інтарэсаў дзяцей. Пільная ўвага нададзена пытанням усынаўлення, галоўным прынцыпам якога становіцца падбор сям’і для дзіцяці, а не дзіця для сям’і.
На сесіі зроблены крок яшчэ ў адным важным накірунку. Кожная сёмая сямейная пара ў Беларусі мае праблемы з рэпрадуктыўным здароўем. Наша задача – дапамагчы такім сем’ям. Сучасныя медыцынскія тэхналогіі дазваляюць гэта зрабіць, аднак іх укараненне патрабуе ўвязкі цэлага комплексу прававых і маральных аспектаў, забеспячэння правоў і інтарэсаў будучых бацькоў, донараў, сурагатных маці, і, перш за ўсё, дзіцяці. Разгледжаны ў першым чытанні адпаведны законапраект якраз і дазволіць адрэгуляваць гэтыя праваадносіны.
Працягваючы тэму аховы здароўя, адзначу такую сферу, як аказанне псіхіятрычнай дапамогі. Тут важна выпрацаваць нормы, якія дазвалялі б абараніць правы пацыента і пры гэтым абараніць медыцынскіх работнікаў і грамадзян ад небяспечных паводзінаў асоб, якія пакутуюць ад псіхічных растройстваў.
Апошнія падзеі на еўрапейскім харчовым рынку сведчаць аб выключнай актуальнасці тэмы сацыяльна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Папярэджанню падобных выпадкаў будзе садзейнічаць прыняцце законапраекта, накіраванага на недапушчэнне эпідэмій і забеспячэнне бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў.
Прынцыпова падышлі дэпутаты да абмеркавання пытанняў удасканалення заканадаўства аб кінематаграфіі.
–    Што б вы сказалі пра міжнародную актыўнасць дэпутацкага корпусу?
–    Яна накіравана, у першую чаргу, на далейшае развіццё міжпарламенцкіх сувязей. Нашы прадстаўнікі прынялі ўдзел амаль у сарака міжнародных мерапрыемствах і сустрэчах. Геаграфія гэтых кантактаў ахоплівала Аўстрыю, Бельгію, Казахстан, Расію, Сербію, Турцыю, Украіну і Францыю. Актыўная работа праводзілася ў рамках міжпарламенцкіх арганізацый. У чэрвені ў Мінску прайшла 39 сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі і пасяджэнні яе рабочых органаў. Парламентарыі разглядзелі блок пытанняў, сярод якіх – асноўныя накірункі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2015 года.
У маі гэтага года наша парламенцкая дэлегацыя ўдзельнічала ў мерапрыемствах міжпарламенцкіх ансамбляў Еўразійскага эканамічнага таварыства, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якія традыцыйна праходзілі ў Санкт-Пецярбургу. Самая пільная ўвага была нададзена перспектывам развіцця ЕўраАзЭС, перш за ўсё, пытанням фарміравання мытнага саюза ў рамках гэтай інтэграцыйнай структуры. Мы таксама былі ўдзельнікамі каардынацыйнай нарады старшынь камітэтаў і камісій па абароне і бяспецы парламентаў краін – членаў АДКБ, якое нядаўна прайшло ў Маскве.
Сярод значных вынікаў міжнароднай дзейнасці трэба назваць і наш удзел у пасяджэнні парламенцкай структуры Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, 18-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя, вясенняй сесіі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага таварыства, першай дадатковай нарадзе па чалавечаму вымярэнню ў рамках АБСЕ і шэрагу іншых міжнародных мерапрыемствах.
Наперадзе ў дэпутатаў не менш напружаная міжнародная праграма, якая ахоплівае ўвесь спектр міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Плануецца прыняць парламенцкія дэлегацыі Ірана, Карэі і Эстоніі. Рыхтуюцца візіты нашых дэлегацый у Азербайджан, Венесуэлу і на Кубу.
У бліжэйшы час беларускія парламентарыі будуць удзельнічаць у штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Сербіі.
– Васіль Міхайлавіч, у перыяд паміж сесіямі вы знаходзіце магчымасць для работы ў сваёй аркузе, сустракаецеся з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам Віцебскага, Гарадоцкага, Шумілінскага раёнаў, г. п. Руба. Сталі традыцыйнымі асабістыя прыёмы грамадзян па месцы іх жыхарства, “прамыя тэлефонныя лініі”. Важна пры ўзаемадзейянні з мясцовымі органамі ўлады і кіравання дапамагаць людзям у вырашэнні канкрэтных праблем. Наколькі гэта ўдаецца?
–    На жаль, не ўсё ў гэтым плане атрымліваецца, асабліва ў сферы жыллёва-камунальнага абслугоўвання насельніцтва. Часам чалавек не знаходзіць неабходнай падтрымкі ў органаў улады, чыноўніка і вымушаны звяртацца за дапамогай у іншыя інстанцыі. А пытанне рашаецца менавіта на месцы, што ў выніку і адбываецца.
Разумеючы важнасць удасканальвання работы па рашэнні надзённых праблем людзей, дэпутаты ў ходзе сесіі ў двух чытаннях прынялі праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Галоўнае ў ім – максімальнае пашырэнне відаў і форм зваротаў, якія належаць абавязковаму разгляду, зняцце бюракратычных перашкод і павышэнне патрабаванняў да работы чыноўнікаў. Адначасова вызначана адказнасць за неправамерныя дзеянні заяўнікаў. Акцэнт зроблены на інфармаванне і асвету насельніцтва, забеспячэнне галоснасці работы кожнага чыноўніка, стварэнне атмасферы нецярпімасці да карупцыі, упарадкаваны некаторыя аспекты дзейнасці органаў пракуратуры.
Зразумела, неабходна эфектыўная сумесная работа органаў улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і грамадзян. Павінна весціся прамая і адкрытая размова, а па законных зваротах людзей – прымацца канкрэтныя рашэнні.
Пачала работу восеньская сесія Палаты прадстаўнікоў. Асаблівую ўвагу дэпутацкі корпус удзеліць пошуку новых заканадаўчых рашэнняў па эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі. У праект плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год накіравана 19 дэпутацкіх ініцыятыў.
Галоўным арыенцірам у дэпутацкай дзейнасці былі і застаюцца якасць жыцця людзей, іх давер да дзяржавы, грамадзянскі мір і спакой.
Мікалай БЯРОЗКІН.
Надрукавана ў №76 ад 04.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *